Няма ніякіх прыкметаў таго, што Пуцін вырашыў правесці новую мабілізацыю — The Guardian
Аднак асцярогі, што новая мабілізацыя ўсё ж можа быць абвешчана, усё часцей пранікаюць у паўсядзённыя размовы.
Фота: Sefa Karacan/Anadolu via Getty Images
Няма «ніякіх прыкметаў» таго, што Пуцін вырашыў правесці новую мабілізацыю. Пра гэта The Guardian паведамілі дзве крыніцы ў Маскве, знаёмыя з ходам абмеркаванняў прымусовага прызыву.
Аднак асцярогі, што новая мабілізацыя ўсё ж можа быць абвешчана, усё часцей пранікаюць у паўсядзённыя размовы.
У Telegram-чатах, якімі карыстаюцца мясцовыя спартыўныя каманды, калегі па працы і кампаніі сяброў, расіяне абменьваюцца чуткамі пра магчымую мабілізацыю і дзеляцца парадамі, як атрымаць адтэрміноўку або пазбегнуць прызыву. Некаторыя мяркуюць, што новая мабілізацыя можа пачацца пасля вераснёўскіх выбараў у Дзяржаўную думу.
«Зараз можна толькі здагадвацца, ці адбудзецца мабілізацыя насамрэч», — сказаў Іван Чувіляеў, прадстаўнік арганізацыі Get Lost, якая дапамагае расійскім вайскоўцам дэзерціраваць.
Аднак, паводле яго слоў, новыя чуткі ўжо выкарыстоўваюцца для стымулявання набору.
«Паніка вакол мабілізацыі выкарыстоўваецца чыноўнікамі, каб ціснуць на мужчын і прымушаць іх падпісваць кантракты, — сказаў Чувіляеў. — Пасыл такі: мабілізацыя ўсё роўна будзе, таму лепш падпісаць кантракт ужо цяпер і атрымаць выплату, перш чым вас прымусяць ваяваць».
Паводле ацэнак заходніх краін, расійскія страты складаюць больш за 30 тысяч забітых і параненых у месяц. Гэта вынік знясільвальнай тактыкі арміі — так званай «мясарубкі», пры якой войскі зноў і зноў адпраўляюць наперад невялікімі штурмавымі групамі, нягледзячы на вялікія страты.