Коўл зноў даў надзею на вызваленне беларускіх палітвязняў
Спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коўла ў сацсетцы X спыталі, ці можна чакаць вызвалення палітвязняў у найбліжэйшы час.
Яна Кавалёва — сястра палітвязня Іллі Верэмеева, якога затрымалі ў лютым 2022 года і асудзілі на восем гадоў калоніі, спытала Коўла: «Ці можам мы спадзявацца на вызваленне палітвязняў у найбліжэйшай будучыні?»
Коўл адказаў адным словам: «Так».
Раней, у чэрвені, на пытанне ў сацсетцы X, калі яго чакаць у Мінску, амерыканскі спецпрадстаўнік адказаў: «Хутка». Да гэтага Коўл заяўляў, што яшчэ не скончыў працу над вызваленнем палітвязняў, і заклікаў не губляць надзею.
А на пост Святланы Ціханоўскай з падзякамі амерыканскаму боку, Коўл адказаў: «Наперадзе яшчэ больш [вызваленняў]».
На пытанне «Нашай Нівы» падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» Святлана Ціханоўская запэўніла, што гуманітарны трэк працягваецца.
«Гэта не паўза, а абставіны. Мы разумеем, што дамаўляцца з рэжымам цяжка, але мы на пастаяннай сувязі са спадаром Джонам Коўлам і вельмі ўдзячныя яму, спадару Дональду Трампу і Марку Рубіа, што яны спрыяюць гэтаму гуманітарнаму трэку. Сачыце за сацсеткамі спадара Коўла, ён кажа, што чакаюцца добрыя навіны», — сказала яна.
Паводле амерыканскага боку, агулам ЗША паспрыялі вызваленню больш як 500 беларускіх палітвязняў.