У абласной бальніцы ўпершыню пачалі рабіць перасадку валасоў. Колькі каштуе?
Упершыню сярод рэгіянальных медустаноў краіны ў Брэсцкай абласной бальніцы сталі выконваць аперацыі па перасадцы валасоў. Спецыялісты абяцаюць прыжывальнасць да 95-98% валасоў і медыцынскі кантроль на ўсіх этапах аднаўлення, піша «Люстэрка».
Фота: vecteezy.com
У Брэсцкай абласной бальніцы пачалі рабіць аперацыю па перасадцы валасоў. Гэта інфармацыя з'явілася на сайце медыцынскай установы.
Працэдуру выконваюць метадам FUE. Як сказана на сайце медустановы, FUE, або follicular unit extraction, гэта малаінвазіўная тэхніка аднаўлення валасоў. Падчас яе лекар паштучна вымае валасяныя фалікулы (графты) з донарскай зоны (звычайна патыліца або бакавыя часткі) і перасаджвае іх у зону аблысення. Працэдура праводзіцца без разрэзаў і накладання швоў.
Прыжывальнасць абяцаюць да 95−98%.
Выконвае аперацыю хірург-трансплантолаг Васіль Юркоўскі, які прайшоў спецыяльнае навучанне ў Турцыі.
У інтэрв'ю TikTok-каналу «Главный обзорщик» медык расказаў, што працэдуру робяць пад мясцовай анестэзіяй, і яна небалючая.
— Ляжыш, і, можна сказаць, атрымліваеш задавальненне ад працэсу, — пажартаваў хірург.
Ляжаць прыйдзецца доўга: у сярэднім аперацыя займае шэсць-восем гадзін. Падчас яе доктар і пацыент робяць перапынкі, каб, напрыклад, паесці ці схадзіць у туалет.
— Кожны графт перабіраецца ўручную. Трэба чалавеку перасадзіць [іх] тры тысячы, і тры тысячы [па адным] перабіраеш, забіраеш, сартуеш. Для кожнага робіш асобныя адтуліны, кожны паасобку перасаджваеш, — апісвае тое, што адбываецца, Васіль Юркоўскі. — Гэта ніяк не можа быць хутка і каштуе не тры рублі, як кажуць.
Паводле слоў доктара, у сярэднім падчас аперацыі перасаджваюць каля трох тысяч графтаў. Кошт працы з адным — два-тры рублі.
У выніку ў сярэднім аперацыя абыдзецца ў шэсць-дзевяць тысяч рублёў.
Доктар адзначае, што тыя, хто цікавіўся прэйскурантам на паслугу ў Турцыі, Маскве ці прыватных клініках, разумеюць: «Гэта максімальна камфортны кошт».
— У нас няма звыш нейкіх надбавак. Часта ідзеш на працэдуру, потым дадаткова [плаціш] за наркоз, перавязачныя матэрыялы і г.д., — пералічвае медык. — У нас чалавек прыходзіць, ён канкрэтна ведае, якую суму заплаціць.
Васіль Юркоўскі расказвае, што пасля аперацыі пацыента адразу ж адпускаюць дадому. Пры гэтым доктар працягвае кантактаваць з чалавекам увесь перыяд аднаўлення.
— Яны прыязджаюць на агляды. Мы з імі дамаўляемся, калі яны будуць паказвацца. Гэта не ў Турцыі, калі ты з'ехаў, цябе на дарожку перахрысцілі і з Богам, як кажуць, — пажартаваў медык. — А тут усё кантралюецца. А галоўнае, усё гэта робіцца ў аперацыйных, дактарамі. Таму што ў нас усё строга і кантралюецца. І ў нас ёсць нейкія гарантыі, у адрозненне ад некаторых, скажам так.
Хірург адзначыў, што, як і любая аперацыя, перасадка валасоў патрабуе падрыхтоўкі і часу для гэтага.
— Тым не менш жадаючых ужо дастаткова, — заявіў Васіль Юркоўскі. — Людзі запісваюцца, людзі гатовыя рабіць. Адна толькі думка, што нікуды не трэба ехаць, гэта можна рабіць у нашых родных сценах. Яны [пацыенты] толькі «за». Хуткая рэабілітацыя. Самыя складаныя тыдзень-два. А далей звычайны спосаб жыцця без якіх-небудзь моцных абмежаванняў.
У абласных бальніцах іншых рэгіёнаў краіны перасадку валасоў пакуль не робяць. У той жа час яе, напрыклад, праводзяць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Указана яна ў пераліку паслуг у клініцы Віцебскага медуніверсітэта. Часта беларусы ездзяць перасаджваць валасы ў Турцыю.