Жанчына ў Вене судзіцца з горадам праз сэксісцкую плату за грамадскія туалеты
Грошы спаганяюць толькі за наведванне кабінкі, а пісуары бясплатныя. Але яны ж толькі для мужчын!
Вена. Фота: goodfon.ru
27‑гадовая жыхарка Вены Мелані Градзік падала ў суд на гарадскія ўлады, абвінаваціўшы іх у дыскрымінацыі: жанчыны павінны плаціць за карыстанне грамадскімі прыбіральнямі, тады як мужчыны могуць бясплатна карыстацца пісуарамі, піша Daily Mail.
Яна распавяла, што ідэя звярнуцца ў суд узнікла пасля звычайнага паходу ў парк: «Я была ў парку з сябрам, і нам абаім спатрэбіўся туалет. Ён мог схадзіць бясплатна, а я мусіла заплаціць 50 цэнтаў. Я падумала: як такое магчыма?»
«Я хачу, каб усе маглі карыстацца прыбіральняй на роўных умовах. Альбо мы ўсе плацім 50 цэнтаў, альбо ніхто не плаціць, — заявіла Градзік, дадаўшы, што справа не ў грошах: Гэта дробязь, але яна паказвае, як да жанчын ставяцца няроўна ў паўсядзённым жыцці».
У Вене налічваецца 168 грамадскіх прыбіральняў, 139 з якіх бясплатныя. Паводле гарадскіх уладаў, астатнія 29 бяруць плату, бо там працуюць даглядчыкі.
«У месцах з інтэнсіўным наведваннем неабходна забяспечваць нагляд, каб гарантаваць належнае карыстанне і чысціню», — патлумачыла прадстаўніца муніцыпалітэта Сандра Хольцінгер. Паводле яе слоў, у гэтых 29 прыбіральнях 50 цэнтаў спаганяюцца з людзей любога полу, а пісуары дадаткова ўсталяваныя, «каб прадухіліць забруджванне ад мачэння ў грамадскіх месцах».