БЕЛ Ł РУС

Топ-10 самых папулярных песень у Беларусі за апошнія гады: у рэйтынгу толькі расійскія выканаўцы — Z-нікі і «маўчуны»

16.08.2026 / 16:38

Nashaniva.com

Сэрвіс «Яндэкс Плюс» апублікаваў спіс самых папулярных трэкаў сярод беларускіх карыстальнікаў. У дзясятку лідараў увайшлі выключна прадстаўнікі расійскага шоу-бізнесу.

Спявак XOLIDAYBOY. 

Да свайго сямігоддзя ў Беларусі сэрвіс «Яндэкс Плюс» склаў плэйліст з кампазіцый, якія карыстальнікі краіны слухалі часцей за ўсё. У выніковы спіс не трапіў ніводны беларускі або заходні выканаўца:

  1. «Пожары» — XOLIDAYBOY
  2. «Поезда» — Жэня Трафімаў
  3. «По барам» — ANNA ASTI
  4. «Шелк» — Ваня Дзмітрыенка
  5. «Царица» — ANNA ASTI
  6. «Кукла колдуна» — «Король и Шут»
  7. «Худи» — Джыган
  8. «Асфальт» — Jakone
  9. «Самолеты» — Жэня Трафімаў
  10. «Rain and Thunder» — White Noise

Частка фігурантаў рэйтынгу адкрыта падтрымлівае ўварванне Расіі ва Украіну. Аўтар самага папулярнага трэка XOLIDAYBOY (Іван Мінаеў) першапачаткова не каментаваў вайну, аднак пасля скаргаў праўладных актывістаў у Расіі, адмены канцэртаў і атрымання позвы ў ваенкамат запісаў відэазварот. У ім ён заявіў пра падтрымку Уладзіміра Пуціна і баявых дзеянняў. Жэня Трафімаў таксама выказваў падтрымку расійскаму дзяржаўнаму курсу ў сваіх сацыяльных сетках. Рэпер Джыган (Дзяніс Усціменка), які нарадзіўся ў Адэсе, увесну 2024 года прадэманстраваў атрыманы расійскі пашпарт на выбарах прэзідэнта Расіі, за што быў унесены ў санкцыйныя спісы Украіны.

Іншыя выканаўцы пазбягаюць заяў на тэму ваенных дзеянняў. Спявачка ANNA ASTI (Ганна Дзюба) сустрэла пачатак вайны ва ўкраінскіх Чаркасах, аднак пазней вярнулася ў Расію, атрымала расійскае грамадзянства і працягвае выступаць на дзяржаўных тэлеканалах. З-за гэтага яна ўнесена ва ўкраінскую базу «Міратворац». Ваня Дзмітрыенка і рэпер Jakone таксама ігнаруюць палітычную павестку, працягваючы гастрольную дзейнасць у Расіі.

Толькі сярод былых удзельнікаў гурта «Король и Шут» адбыўся палітычны раскол. Калі Андрэй Князеў (КняZz) пазбягае выказванняў пра вайну і працягвае выступаць у Расіі з настальгічнымі праектамі, то эмігрант Аляксандр Балуноў (Балу) адкрыта асудзіў агрэсію, за што атрымаў у Расіі адміністрацыйную справу за «дыскрэдытацыю арміі».

Дзясятае месца ў рэйтынгу займае не музычны твор, а трэк «Rain and Thunder» ад праекта White Noise. Гэта запіс белага шуму з гукамі дажджу і навальніцы, які выкарыстоўваецца для сну і рэлаксацыі. Свайго роду музычны эскапізм ад навакольнага свету.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула