БЕЛ Ł РУС

Старую камяніцу каля ратушы ў Магілёве рыхтавалі для гарадскога музея. Цяпер там робяць офіс расійскага пасольства на чале з былым міністрам «ЛНР»

16.08.2026 / 17:40

Nashaniva.com

У Магілёве пачаўся капітальны рамонт гістарычнага будынка, на тарцы якога намаляваны мурал з «Пагоняй». Камяніца, якая раней прызначалася для пашырэння Музея гісторыі Магілёва, нечакана была перададзена пад аддзяленне пасольства Расійскай Федэрацыі. Такіх аддзяленняў плануецца адкрыць адразу тры — ва ўсіх усходніх аблцэнтрах. 

Камяніца па вуліцы Ленінскай, 5а у Магілёве. Фота: Sputnik Беларусь

Двухпавярховы цагляны будынак па вуліцы Ленінскай, 5а знаходзіцца непасрэдна за гарадской ратушай. У 2018 годзе яго перадалі Музею гісторыі Магілёва для стварэння экспазіцый і размяшчэння фондаў. Падчас тэхнічнага абследавання ў 2023 годзе эксперты па памеры цэглы вызначылі час яго пабудовы — сярэдзіна XVIII стагоддзя.

Цяпер на аб'екце праводзіцца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Згодна з матэрыяламі дзяржзакупак, кошт работ складае каля 613 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту. У новай праектнай дакументацыі музейныя функцыі будынка ўжо не згадваюцца, як і рэальнае новае прызначэнне. На выкананне ўсіх работ адводзіцца ўсяго 2,5 месяца.

Мурал на тарцы дома. Фота з сацсетак

Пагоня як частка герба Магілёва на мурале. Фота з сацсетак

Згодна з зацверджаным праектам рэканструкцыі вонкавыя сцены гістарычнага будынка будуць уцепленыя мінералаватнымі плітамі. Пры гэтым дзяржаўная экспертыза забараніла зашываць уцяпляльнікам і зафарбоўваць тарэц будынка, на якім размешчаны мастацкі мурал. У дакументацыі прапісана патрабаванне захаваць гэты роспіс. 

Мурал з гербам і гравюрай 1702 года быў створаны ў 2017 годзе, да 750‑годдзя Магілёва, мастаком Рыгорам Шараевым за спонсарскія сродкі. Герб Магілёва змяшчае герб Пагоня ўверсе адлюстраванай на ім брамы.

У адрамантаваным будынку размесціцца аддзяленне пасольства Расійскай Федэрацыі. Рашэнне аб выдзяленні гэтага памяшкання расійскім дыпламатам было ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам 21 мая 2026 года.

Уладзіслаў Дайнэга. Фота: news.by

Кіраўніком расійскага аддзялення ў Магілёве прызначаны Уладзіслаў Дайнэга. Да 2014 года ён быў дэпутатам гарадскога савета Алчэўска (Украіна) ад Партыі рэгіёнаў. Пасля пачатку канфлікту на Данбасе перайшоў на бок прарасійскіх сіл і з 2017 па 2022 год займаў пасаду «міністра замежных спраў» непрызнанай Луганскай Народнай Рэспублікі (ЛНР). Дайнэга знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі і Японіі, ва Украіне ён прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.

Асабняк у цэнтры Віцебска, у якім адкрыецца аддзяленне пасольства Расіі. Фота: Гугл карты

Расія працягвае пашыраць сваю дыпламатычную прысутнасць у беларускіх рэгіёнах. У дадатак да генеральных консульстваў у Брэсце і Гродне, расійскія аддзяленні рыхтуюцца да адкрыцця ў абласных цэнтрах адразу трох усходніх абласцей: у Магілёве, Гомелі і Віцебску. Для віцебскага прадстаўніцтва ўлады таксама выдзелілі гістарычны будынак у цэнтры горада — былы асабняк гарадскога архітэктара Ціхана Кібардзіна, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула