БЕЛ Ł РУС

З Беларусі высылаюць больш за дзесяць польскіх святароў. У Магілёве ўжо развіталіся з пробашчам — і з праектам новага касцёла

16.08.2026 / 18:05

Nashaniva.com

Нягледзячы на публічныя сустрэчы з каталіцкімі іерархамі і дэкларацыі аб «узаемаразуменні і згодзе», у Беларусі ўсё часцей не працягваюць дазволы на рэлігійную дзейнасць замежным святарам. Улады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуліся з просьбай да Аляксандра Лукашэнкі.

Развітанне з Раманам Шульцам у кафедральным касцёле ў Магілёве. Фота: katolik.life

Як паведамляе канал «Хрысціянская візія», пяці каталіцкім святарам і аднаму манаху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства, адмовілі ў працягу дазволу на служэнне ў Беларусі. Паводле інфармацыі канала, улады не ўзгаднілі далейшую дзейнасць пробашча парафіі ў Івянцы айца Леха Баханэка, дэкана Стаўбцоўскага дэканата ксяндза Мар'яна Шэршаня, дэкана Мядзельскага дэканата ксяндза Багуслава Маджэеўскага, пробашча парафіі ў Нарачы айца Паўла Ляліты, пробашча парафіі ў Салігорску айца Сабеслава Тамалы і манаха-капуцына брата Войцеха Урублеўскага.

Таксама раней паведамлялася пра адмовы ў дазволах тром польскім святарам у Віцебскай і двум у Пінскай дыяцэзіях.

15 жніўня падчас святой Імшы ў магілёўскай катэдры парафіяне развіталіся з польскім святаром-дамініканцам айцом Раманам Шульцам. Ён таксама не атрымаў дазвол на далейшую дзейнасць у Беларусі і павінен пакінуць краіну. Айцец Раман Шульц служыў у Беларусі з 2007 года, з 2012‑га быў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве. Ён вядомы як заснавальнік і арганізатар штогадовага Ружанцовага кангрэса.

У развітальнай Імшы прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалья, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Так меў выглядаць будучы касцёл

Яго выезд, як паведамляе katolik.life, ставіць пад пытанне далейшае існаванне супольнасці дамініканаў у горадзе. Для працягу дзейнасці ордэну неабходна мець як мінімум двух манахаў, што ва ўмовах вострага недахопу святароў становіцца немагчымым. Праект будаўніцтва новага касцёла і кляштара дамініканаў у магілёўскім мікрараёне «Казіміраўка», пра які стала вядома восенню 2025 года, цяпер будзе прыпынены.

Як паведамляе «Хрысціянская візія», у сувязі з масавымі непрацягненнямі дазволаў мітрапаліт Юзаф Станеўскі накіраваў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Напярэдадні развітальнай імшы, 14 жніўня, Апостальскі нунцый і беларускія каталіцкія іерархі правялі афіцыйную сустрэчу з уладамі Магілёўскай вобласці і горада Магілёва. Як паведамляе партал Catholic.by, падчас круглага стала абмяркоўваліся пытанні «ўмацавання міру і згоды, міжканфесійнага дыялогу, захавання гістарычнай памяці».

Кіраўніца ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Наталля Дашкова ў сваім выступленні адзначыла, што Касцёл з'яўляецца «надзейным партнёрам» уладаў у справе патрыятычнага выхавання і ўмацавання традыцыйных каштоўнасцяў. Пытанне непрацягнення дазволу на служэнне замежным святарам у афіцыйных паведамленнях аб сустрэчы не згадвалася.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула