Расія сцягвае вайсковы флот у Балтыйскае мора пасля пагроз Пуціна ў бок Еўропы
Расійскае камандаванне перакідвае дадатковыя баявыя караблі Паўночнага флоту ў Балтыйскае мора. Гэтыя манеўры адбываюцца на фоне ўзмацнення кантролю еўрапейскіх краін за расійскім «ценявым флотам» і рэзкіх заяў Уладзіміра Пуціна, які пагражаў ЕС люстранымі адказамі на дагляды расійскіх суднаў.
Фрэгат «Адмірал Касатонаў». Фота: Міністэрства абароны Расіі
Як паведамляе выданне Bild, у акваторыю Балтыйскага мора прыбыў расійскі ракетны фрэгат «Адмірал Касатонаў». Гэты сучасны карабель класа «Адмірал Гаршкоў», уведзены ў строй у 2020 годзе, здольны несці крылатыя ракеты «Калібр» і гіпергукавыя ракеты «Цыркон». Раней фрэгат выкарыстоўваўся для аховы расійскіх грузавых суднаў у Міжземным моры і праліве Ла-Манш.
Фрэгат стаў ужо другім буйным баявым караблём, перакінутым у рэгіён за апошнія тыдні. У канцы ліпеня з Баранцава ў Балтыйскае мора быў накіраваны вялікі супрацьлодачны эсмінец «Адмірал Леўчанка» праекта 1155, які знаходзіцца ў складзе ВМФ з 1988 года (дарэчы, летам 2024 года ўкраінскія вайскоўцы заяўлялі пра пажар на гэтым караблі праз праблемы з рухавікамі).
Паводле інфармацыі нямецкай газеты Kieler Nachrichten, эсмінец «Адмірал Леўчанка» быў заўважаны непадалёк ад нямецкага вострава Фемарн. Выданне адзначае, што карабель мог прыйсці на замену іншаму эсмінцу — «Севераморску», які раней патруляваў праліў Ферман-Бельт паміж Даніяй і Германіяй, выконваючы задачу па «забеспячэнні бяспекі суднаў грамадзянскага флоту». Пад гэтай фармулёўкай звычайна маецца на ўвазе эскартаванне танкераў так званага «ценявога флоту», якія транспартуюць расійскую нафту і звадкаваны прыродны газ у абыход заходніх санкцый.
Чаму расійскім танкерам спатрэбілася вайсковая ахова
Перадыслакацыя баявых караблёў адбываецца на фоне ўзмацнення ціску еўрапейскіх краін на расійскі камерцыйны трафік. Як адзначаецца ў дакладзе міжнароднай арганізацыі ACLED, «ценявы флот» Расіі, які налічвае ад 1000 да 3200 старых танкераў са схаванымі ўласнікамі, выкарыстоўваецца Крамлём не толькі для абыходу нафтавага эмбарга, але і як інструмент гібрыднай вайны.
Еўрапейскія разведкі неаднаразова падазравалі гэтыя судны ў правядзенні разведкі, запуску дронаў над вайсковымі аб'ектамі НАТА і нават у пашкоджанні падводнай інфраструктуры (кабеляў сувязі і трубаправодаў) у Балтыйскім моры. У адказ краіны ЕС і НАТА пачалі праводзіць аперацыі па перахопе, даглядзе і нават арышце такіх танкераў, часта матывуючы гэта парушэннямі марскога права, выкарыстаннем фальшывых сцягоў і адсутнасцю страхоўкі. Акрамя таго, Еўрасаюз працягвае ўносіць расійскія танкеры ў санкцыйныя спісы.
Масква адрэагавала на дзеянні Еўропы рэзкай эскалацыяй. У сакавіку 2026 года Крэмль афіцыйна абвясціў аб планах выкарыстоўваць вайскова-марскія караблі для эскартавання суднаў «ценявога флоту». Напярэдадні перакідвання караблёў у Балтыку Уладзімір Пуцін публічна прыгразіў еўрапейскім краінам, назваўшы інспекцыі расійскіх танкераў «пірацтвам і рабаваннем». Ён паабяцаў, што Расія адкажа «люстранымі мерамі», што фактычна азначае пагрозу сілавога абардажу еўрапейскіх камерцыйных суднаў расійскімі вайсковымі маракамі.
З'яўленне расійскіх фрэгатаў і эсмінцаў у Балтыцы побач з тэрытарыяльнымі водамі Германіі і Даніі, з аднаго боку, павінна ўскладніць для еўрапейцаў працэдуру дагляду танкераў, а з іншага — дэманструе гатоўнасць Масквы да прамых ваенных інцыдэнтаў на моры.