БЕЛ Ł РУС

Чалавецтва такое генетычна разнастайнае дзякуючы смяротнай малярыі, якая тысячагоддзямі дзяліла Афрыку на ізаляваныя рэгіёны

16.08.2026 / 21:27

Nashaniva.com

Прынята лічыць, што нашы продкі рассяляліся па планеце, кіруючыся выключна зменамі клімату і пошукам багатых на ежу тэрыторый. Аднак новае даследаванне даказвае, што дзясяткі тысяч гадоў чалавецтвам кіраваў зусім іншы, нябачны і бязлітасны вораг. Ён будаваў неадольныя муры паміж папуляцыямі, не даючы ім сустракацца і фарміруючы тую генетычную разнастайнасць, якую мы маем сёння.

Бушменка. Фота: Wikimedia Commons 

Доўгі час у навуцы панавала ўяўленне пра адзіны «эдэмскі сад» у Афрыцы, адкуль Homo sapiens пачаў сваё трыумфальнае шэсце па свеце. Аднак сёння гэтая ідэя адкінута: людзі фармаваліся ў розных кутках кантынента, жылі невялікімі ізаляванымі групамі, якія толькі перыядычна сустракаліся і перамешваліся.

Як звярнуў увагу навукова-папулярны тэлеграм-канал «cybulinka», міжнародная група даследчыкаў апублікавала ў часопісе Science Advances працу, якая тлумачыць механіку гэтай ізаляцыі. Галоўным бар'ерам паміж плямёнамі былі не горы і не пустыні, а асяродкі распаўсюджвання малярыі.

Галоўная праблема палеаэпідэміялогіі палягае ў тым, што навукоўцы не маюць узораў ДНК малярыйнага плазмодыя з такой глыбокай старажытнасці. Каб зразумець, што адбывалася 70 тысяч гадоў таму, аўтары даследавання пайшлі асіметрычным шляхам. Яны стварылі складаную кліматычную мадэль Афрыкі ў перыяд ад 74 да 5 тысяч гадоў таму — то-бок у часы паляўнічых-збіральнікаў, яшчэ да масавага з'яўлення земляробства.

Малярыйны камар. Фота: Wikimedia Commons 

Ведаючы, якія тэмпературы і ўзровень вільготнасці існавалі ў розныя эпохі, навукоўцы вылічылі арэалы пражывання галоўных пераносчыкаў хваробы — камароў роду Anopheles. На аснове гэтага быў створаны «індэкс стабільнасці малярыі» — карта патэнцыйнай рызыкі заражэння ў розных рэгіёнах кантынента. Пасля гэтага даследчыкі наклалі атрыманую «карту хваробы» на незалежную карту археалагічных помнікаў, якая паказвала, дзе рэальна сяліліся старажытныя людзі ў той жа самы час.

Вынік аказаўся максімальна выразным: карты практычна не перасякаліся.

Старажытныя людзі інстынктыўна пазбягалі малярыйных зон альбо проста фізічна не маглі там выжыць. Тэрыторыі з высокай рызыкай заражэння працавалі як абсалютныя бар'еры. Яны адразалі адны чалавечыя папуляцыі ад іншых на тысячагоддзі.

Калі клімат змяняўся, межы малярыйных балот адступалі, утвараючы своеасаблівыя экалагічныя калідоры. Толькі тады розныя групы людзей атрымлівалі магчымасць сустрэцца, абмяняцца ведамі і генамі. Фактычна, гісторыя нашых эвалюцыйных сувязяў — гэта гісторыя таго, як людзі ўцякалі ад камароў.

Даследаванне выявіла два найважнейшыя пікі распаўсюджвання малярыі. Першы прыпаў на перыяд 60—50 тысяч гадоў таму. Гэты час ідэальна супадае з галоўнай хваляй міграцыі чалавека з Афрыкі. Навукоўцы мяркуюць, што першыя перасяленцы, якія здолелі вырвацца за межы кантынента, з высокай доляй імавернасці вынеслі з сабой і ўзбагацілі іншыя рэгіёны гэтым паразітам.

Другі магутны пік малярыйнай актыўнасці адбыўся каля 13 тысяч гадоў таму. Паводле археалагічных даных у гэты час перыферыя чалавечага рассялення пачынае ўсё больш актыўна перасякацца з небяспечнымі зонамі, асабліва ў Заходняй Афрыцы. Людзі пачалі пранікаць туды, куды раней ім шлях быў закрыты.

Тлумачэнне гэтаму дае генетыка. Менавіта ў гэты час і ў гэтым рэгіёне ў нашых продкаў пачала распаўсюджвацца мутацыя, якая выклікае серпападобнаклетачную анемію — генетычную анамалію эрытрацытаў, якая, нягледзячы на ўласную небяспеку, дае носьбіту моцны прыродны імунітэт супраць малярыі.

Доўгі час у навуцы панаваў стэрэатып, што малярыя стала масавым забойцам толькі пасля неалітычнай рэвалюцыі, калі людзі пачалі высякаць лясы пад палі, жыць на адным месцы і ствараць штучныя вадаёмы, ідэальныя для камароў. Аднак новыя даныя даказваюць, што інфекцыйныя хваробы былі наймагутнейшым эвалюцыйным прэсам задоўга да з'яўлення першых фермераў. Выжыванне і рассяленне нашага віду вызначаліся не толькі здольнасцю паляваць на звяроў, але і здольнасцю выстаяць супраць мікраскапічнага паразіта. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула