Жанчыны змогуць кіраваць Ліхтэнштэйнам. Адна з самых кансерватыўных манархій Еўропы змяніла правілы перадачы трона
У княстве Ліхтэнштэйн адмянілі векавую традыцыю перадачы прастола выключна па мужчынскай лініі. Адгэтуль жанчыны маюць роўныя з мужчынамі правы на кіраванне дзяржавай і ўдзел у прыняцці рашэнняў унутры княжацкага дому.
Прынцэса Сафія і прынц Алаіз на святкаванні Нацыянальнага свята ў 2024 годзе. Фота: newmyroyals.com
Пра гістарычныя змены ў заканадаўстве паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка дзяржавы, спадчынны прынц Алаіз падчас свайго выступу з нагоды Нацыянальнага свята. Як адзначае мясцовае выданне Lie24, рэформа была падтрымана дзвюма трацінамі галасоў усіх членаў княжацкай сям'і.
Раней у краіне дзейнічаў прынцып мужчынскай прымагенітуры — прастол пераходзіў выключна ад бацькі да старэйшага сына. Цяпер гэты парадак заменены на абсалютную прымагенітуру. Гэта азначае, што трон і тытул будзе атрымліваць у спадчыну першынец манарха, незалежна ад таго, хлопчык гэта ці дзяўчынка. Адначасова з гэтым жанчыны з княжацкага роду атрымалі роўныя з мужчынамі правы ў вырашэнні ўсіх унутраных пытанняў дома.
Новыя правілы не будуць мець зваротнай сілы. Яны пачнуць дзейнічаць толькі для будучых нашчадкаў — дзяцей спадчыннага прынца Алаіза і ягонай жонкі Сафіі. Сам Алаіз фактычна кіруе княствам з 2004 года, калі ягоны бацька, прынц Ганс-Адам II, перадаў яму паўнамоцтвы рэгента, захаваўшы за сабой афіцыйны тытул.
«Гэтай зменай у законе мы хочам забяспечыць, каб Княствам Ліхтэнштэйн і Княжацкім домам кіраваў той чалавек, які найлепш падрыхтаваны да гэтай задачы», — патлумачыў спадчынны прынц Алаіз, дадаўшы, што цяпер вызначальным фактарам будзе не пол, а здольнасці і парадак нараджэння.
Рэформа манархічнага статута — гэта яшчэ адзін крок у паступовай лібералізацыі Ліхтэнштэйна. Дзяржава з насельніцтвам каля 40 тысяч чалавек доўгі час заставалася адной з самых патрыярхальных у Еўропе. Жанчыны тут атрымалі права голасу на выбарах толькі ў 1984 годзе пасля складанага рэферэндуму, які ўдалося правесці менавіта дзякуючы намаганням прынца Ханса-Адама II. Аднак працэс палітычнай эмансіпацыі працягваецца: у пачатку 2025 года ўрад краіны пасля парламенцкіх выбараў упершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына — юрыстка Брыгіта Хаас.