У «Белполе» раскрылі яшчэ адну схему абыходу санкцый у інтарэсах ААТ «Планар», якое супрацоўнічае з ВПК Расіі
Падсанкцыйнае прадпрыемства ААТ «Планар», якое актыўна супрацоўнічае з ваенна-прамысловым комплексам Расіі, атрымлівала неабходныя дэталі праз гродзенскае ТАА «Будгеадар» (УНП 591505540), піша Радыё Свабода.
Гэтая кампанія спецыялізуецца на продажы дарожных матэрыялаў, матэрыялаў для даху, а таксама геакратак, геатэкстылю і бентанітавых палотнаў.
Раней «Будгеадар» ужо фігураваў у расследаванні BelPol аб пастаўках абсталявання для падсанкцыйнага ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Тады праз гэтую кампанію паставілі абсталяванне на агульную суму 358 816 еўра, уключна з прамысловым CO₂-лазерам Luxinar OEM-45i X.
Новыя звесткі, сцвярджаюць у «Белполе», сведчаць аб пастаўках замежных кампанентаў для ААТ «Планар».
У дакументах, апублікаваных арганізацыяй, вынікае, што «Планар» набыў у «Будгеадар» манахромную камеру машыннага зору XIMEA xiQ MQ013MG-ON-S7 і рэдуктары французскай кампаніі Girard Transmissions. Лінейка рэдуктараў DYNABOX, якую раней выпускала Girard Transmissions, цяпер уваходзіць у групу Nidec Drive Technology.
Камеру XIMEA xiQ MQ013MG-ON-S7 вырабляюць у Славакіі на прадпрыемстве XIMEA ў горадзе Захар недалёка ад Браціславы. Але сам брэнд і галоўны офіс XIMEA GmbH знаходзяцца ў Мюнстэры (Германія).
ААТ «Планар» знаходзіцца пад санкцыямі еўрапейскіх і іншых заходніх краін праз глыбокую інтэграцыю прадпрыемства ў вытворчасць абсталявання і кампанентаў для беларускага і расійскага абароннага комплексу.
ЗША ўключылі прадпрыемства ў SDN-спіс 5 снежня 2023 года. Пазней абмежаванні ўвялі Вялікабрытанія, Аўстралія, Канада, ЕС і Швейцарыя.
У сакавіку 2025 года Еўрапейскі саюз увёў санкцыі і супраць генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргея Авакава.