БЕЛ Ł РУС

«У пашпарце бабулі стаіць дата нараджэння 00.00.1945» — «А ў маёй XX.XX.1940». Як такое можа быць?

18.08.2026 / 22:44

Nashaniva.com

Беларуска, у бабулі якой дата нараджэння пазначана ў пашпарце як 00.00, пацікавілася ў Трэдс, як такое магчыма. І нечакана знайшла шмат людзей з падобнымі кейсамі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пакаленне ХХ ХХ

Допіс пра бабулю сабраў ужо больш за паўмільёна праглядаў і 150 каментароў.

«У маёй бабулі было 00.00.1937. Падчас вайны былі спалены дакументы», — напісала адна з каментатарак. 

«У маёй суседкі так: ведалі год нараджэння, але не ведалі дзень і месяц. Толькі ў вашым выпадку нулі, а ў яе — XX.XX і год нараджэння», — адказала адна з каментатарак.

Адна з карыстальніц нават выклала фота пашпарта, у якім замест чатырох нулёў былі чатыры іксы.

Скрыншот: Threads

«У маёй прабабулі наогул крыжыкі стаяць. Немцы спалілі дом з усімі дакументамі, а са слоў запісваць дату нараджэння не сталі», — падзялілася фота і гісторыяй адна з жанчын.

Пашпарт з крыжыкамі замест дня і месяца нараджэння быў выдадзены ў 2000 годзе.

Бацькі не ведалі, калі нарадзілася дзіця

Многія дзеляцца гісторыямі пра сваякоў, якія не ведалі дакладную дату нараджэння.

«Мая бабуля ведала толькі год нараджэння. А дату ўжо дадумала, бо яе мама не памятала дакладную. Ды і непісьменная была, нават чытаць не ўмела.

Вось і вырашылі, што 6 чэрвеня — дзень яе нараджэння. Таму што маці яе нарадзіла і пайшла на поле», — падзялілася гісторыяй пра сваю бабулю адна з каментатарак.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«У бабулі таксама было ў пашпарце 9.07.1924 года. Мама была непісьменная, памятала, што быў сенакос, а дату рандомную запісалі».

«Майму дзядулю проста абралі рандомную дату нараджэння, бо ніхто не ведаў дакладную. Сказалі: «нарадзіўся падчас сяўбы», — так і запісалі дату ў красавіку».

«Мая бабуля дагэтуль не ведае, калі ў яе насамрэч дзень нараджэння. У пашпарце 01.01 стаіць, але гэтая дата недакладная», — дадае іншая.

«Многія не ведалі сапраўдных дат нараджэння. Прадзед усім казаў, што 1 студзеня, хоць у пасведчанні аб нараджэнні стаіць ліпень. Калі забраў дзяцей пасля фронту, то ўсім назваў прыкладныя даты нараджэння — усё, што ўспомніў, каб зрабілі дакументы».

«Навагоднія» дзеці

Шмат каментатараў адзначылі, што ў іх бабуль і дзядуль, якія не ведалі дакладную дату нараджэння ставілі менавіта 01.01. І гэта не самы дрэнны варыянт. 

Рэч у тым, што людзі, у якіх замест дакладнай даты нараджэння стаяць нулі або іксы, з часам пачалі сутыкацца з праблемамі. Напрыклад, калі адкрывалі рахунак у банку, сістэма не прапускала такія сімвалы, бо лічыла іх за памылку.

«Думаю, ставілі 00, бо не хацелі замарочвацца, і калі не было сваякоў, [каб] пацвердзіць сапраўдную дату нараджэння.

Многія дакументы пасля вайны былі страчаныя, маёй бабулі паставілі дзень, месяц і год зусім іншы ў пашпарце. Хоць яе мама называла правільную дату. Ну затое на пенсію бабуля раней пайшла», — расказала гісторыю каментатарка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: ДПК

Некаторыя хлусілі наўмысна

Некаторыя пішуць, што іх сваякі хлусілі пра ўзрост, каб трапіць або наадварот не трапіць на вайну.

«У нас у дзядулі была блытаніна з годам. Ён зрабіў сябе старэйшым, каб пайсці на фронт. А потым сам стаў блытацца: ці то год дадаў, ці то два», — падзялілася гісторыяй жанчына. 

«У мяне дзядуля 1929 года, але былі падазрэнні, што ён 1926‑га і яго мама нешта змяніла ў дакументах праз прызыў», — напісала іншая.

Таксама сярод прычын, навошта людзі адмыслова рабілі сябе старэйшымі, нярэдка называюць больш ранні выхад на пенсію. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула