Клічко ўпершыню выказаўся пра смерць былой нявесты Хейдэн Панецьер
Легендарны ўкраінскі баксёр Уладзімір Клічко ў інстаграме напісаў пост, прысвечаны смерці амерыканскай актрысы Хейдэн Панецьер — яго былой нявесты, маці ягонай дачкі Каі.
Хейдэн Панецьер. Фота: Getty Images
Паводле слоў Клічко, Хейдэн была важнай часткай яго жыцця і маці іх агульнай дачкі Каі.
«Яна пабудавала неверагодную кар'еру дзякуючы велізарнаму таленту, сутыкаючыся пры гэтым і з цёмнымі бакамі вельмі патрабавальнай індустрыі. Нішто не перакрэсліць час, які мы правялі разам, і тое месца, якое яна займала ў нашым жыцці. Нашай дачцэ Каі я заўсёды буду казаць пра яе маці з павагай і зраблю ўсё, каб яна помніла, якім чалавекам тая была», — піша Клічко.
«Яна сышла з гэтага свету занадта рана», — піша Клічко.
«Такія маладыя і таленавітыя людзі, як Хейдэн, не павінны так рана пакідаць гэты свет», — перакананы ён.
Паводле яго слоў, сям’я перажывае час глыбокага шоку і смутку.
«Я прашу ўсіх паважаць пачуцці і прыватнае жыццё нашай сям'і ў гэты вельмі цяжкі час. На гэты момант гэта ўсё, што я хачу сказаць. Дзякуй усім, хто падтрымлівае маю сям'ю і выказвае шчырыя спачуванні», — дадаў ён.
Пра смерць амерыканскай актрысы Хейдэн Панецьер стала вядома ўчора. Ёй было 36 гадоў.
Хейдэн Панецьер праславілася дзякуючы ролі Клэр Бэнэт у серыяле «Героі», а таксама здымкам у «Нэшвіле», франшызе «Крык» і фільме «Памятай Тытанаў».
Акрамя кінакар'еры, актрыса прыцягвала ўвагу грамадскасці сваімі стасункамі з украінскім баксёрам Уладзімірам Клічко.
Пара пачала сустракацца ў 2009 годзе, праз чатыры гады абвясціла пра заручыны, а ў 2014‑м у іх нарадзілася дачка Кая. Пасля расстання бацькоў у 2018 годзе дзяўчынка засталася жыць з Уладзімірам Клічко.
Пра прычыны смерці афіцыйна не паведамлялася, але, магчыма, гэта была перадазіроўка. Раней акторка публічна прызнавалася, што змагалася з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, а таксама з дэпрэсіяй.