БЕЛ Ł РУС

Кватэру двойчы Героя Савецкага Саюза Леаніда Бяды прадаюць у Мінску. Колькі просяць?

18.08.2026 / 14:50

Nashaniva.com

У сталіцы выставілі на продаж жытло на 100 квадратаў з гісторыяй.

У Мінску дастаткова дамоў з мемарыяльнымі дошкамі, якія нагадваюць жыхарам горада, што ў гэтых сценах калісьці жылі героі, дзеячы культуры і іншыя важныя персоны. Купіць нерухомасць у такім будынку — вялікая ўдача. У базе Realt з'явілася кватэра Леаніда Бяды — лётчыка-штурмавіка, генерала-лейтэнанта авіяцыі і двойчы Героя Савецкага Саюза. 

У Мінску нават ёсць вуліца, названая яго іменем, але яго кватэра размяшчаецца ў вядомым доме на Купалы, 7. 

Дзевяціпавярховы дом насупраць парку Горкага на Янкі Купалы, 7 з'явіўся ў 1969 годзе. У савецкія гады дом лічыўся элітным. Тут атрымлівалі кватэры вядомыя пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы і вайскоўцы, у тым ліку Героі Савецкага Саюза і ветэраны.

Сёння пра гэта нагадваюць мемарыяльныя дошкі Анатоля Андрэева, Аляксандра Клімава, Віктара Вуячыча, Івана Мележа і Леаніда Бяды. Кватэра апошняга акурат і выстаўлена на продаж. Паводле слоў аўтара аб'явы, лётчык жыў на пятым паверсе ў трохпакаёвай кватэры плошчай 101,3 м².

Жытло прэміяльнае: першапачаткова на чатыры пакоі было дзве зашклёныя лоджыі, балкон і два санвузлы.

У ходзе перапланавання пакояў стала тры, у канцы калідора абсталявалі сталовую каля акна.

Кватэра цалкам гатовая да пражывання. Кухня абсталявана гарнітурам і ўбудаванай тэхнікай італьянскіх брэндаў. 

Спальні таксама абстаўлены неабходнай мэбляй.

Дарэчы, палова вокнаў кватэры выходзіць на парк. Побач ёсць дзве станцыі метро, сквер, дагледжаная набярэжная Свіслачы.

Просяць за кватэру 999 тысяч рублёў (каля 334 тысяч даляраў у эквіваленце).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула