«Губазікаўцы мне ў вочы казалі, што забілі Крыўцова». Фанат МТЗ Піпія — пра бойкі, катаванні і чалавечнасць
«Мяне падымалі, давалі вады і зноў працягвалі катаваць. Часам настаўлялі на мяне пісталет».
32‑гадовы Тамаз Піпія — фанат мінскага клуба МТЗ-РІПА, былы палітвязень. Яго затрымалі 26 верасня 2020 года ў Гродне па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. 2 ліпеня 2021‑га суд Маскоўскага раёна Мінска даў хлопцу чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю Тамаз выйшаў толькі ў траўні 2026-га, бо яму накінулі яшчэ паўтара года нібыта за парушэнне рэжыму. Яго брат, Цімур Піпія, таксама быў палітвязнем.
Тамаз Піпія распавёў «Трыбуне», як у 8‑м класе прыяднаўся да фан-руху, якім быў мінскі каляфутбол 2010-х, як дзяржава сачыла за фанатамі, а таксама пра свой шлях за кратамі.
У фанаты «прыйшоў ідэалагічна»
У фанацкі рух МТЗ-РІПА Тамаз трапіў школьнікам — у 8‑м класе пры канцы 2000-х.
«Я прыйшоў туды ідэалагічна, — кажа хлопец. — Шмат глядзеў розных відэа, шмат заўважаў бытавога расізму. У асноўным ён з Расіі прыходзіў. Там ужо паўсюль былі РНЕ, усе гэтыя нацысцкія арганізацыі».
Сам футбол Тамаза спачатку не асабліва цікавіў — ён заўзеў за «Манчэстэр Юнайтэд», а да беларускіх каманд ставіўся скептычна. «Беларускі футбол і футболам не зусім можна назваць», — зазначае і сёння. Любімых гульцоў сярод беларусаў не было і дагэтуль няма.
Упершыню на трыбуны Піпія трапіў у студзені 2010-га, на таварыскі матч з БАТЭ.
«Я быў пад вялікім уражаннем. Проста ваў! Бачыў зараджаны натоўп, які актыўна падтрымліваў сваіх. Мяне найбольш уражвала, што на той момант сектар МТЗ складаўся з людзей ідэалагічна правільных, нікога выпадковага амаль не было. Ты прыходзіш як дадому, ведаеш кожнага. Такая цэласная атмасфера адзінства».
Аб'ядноўвала фанатаў, паводле словаў суразмоўцы, антыфашысцкая ідэя. «Я быў праціўнікам расізму. Я не адносіў сябе да левых — гэта ўжо палітычнае адгалінаванне, я да яго не належу. Проста выступаў супраць дыскрымінацыі — рэлігійнай, нацыянальнай, любой. Я разумеў: гэта няправільна — судзіць чалавека па колеры скуры».
З расізмам у бытавой форме Тамаз, які мае грузінскае паходжанне, сутыкаўся і сам — помніць пэўныя жарты ў дзяцінстве. «Гэта і ёсць бытавы расізм, які ўбіваўся нам у галаву. Я лічу, такога не павінна быць», — кажа ён.
Супрацьстаянне з фанатамі «Дынама»
Адказваючы на пытанне пра фанатаў-апанентаў з лагера мінскага «Дынама», Тамаз кажа: «Яны не грэбавалі вывешваць імперскія расійскія сцягі. Была каша ў галаве, па сутнасці, маглі адначасова вывесіць Пагоню і «імперку».
З часам, паводле ягоных слоў, многае змянілася: частка тых, з кім ён варагаваў у юнацтве, апынулася ва Украіне і пачала ваяваць супраць Расіі. Піпія мяркуе, што беларусізацыя фан-сектараў пачалася менавіта з МТЗ. Потым гэтую хвалю падхапілі прыхільнікі іншых клубаў.
У супрацьстаяння двух мінскіх каманд была і свая адметная геаграфія. Фанаты МТЗ, паводле слоў Тамаза, тусаваліся каля станцыі метро «Маладзёжная», а таксама ў начных клубах кшталту «Афрыкі».
Фанаты «Дынама», у сваю чаргу, збіраліся каля станцыі метро «Кастрычніцкая», у McDonald's. Тамтэйшую публіку Тамаз апісвае жорстка: «На «Цэнтральным» было шмат п'яніц ультраправых поглядаў. Яны нават і не мелі асаблівага дачынення да футбольнага руху. Затое моцна любілі Гітлера».
Бойкі, прызнае Тамаз, былі рэгулярнымі, але прынцыпова ў межах горада, лясы ён і яго таварышы не прызнавалі: «Мы не былі прыхільнікамі боек за горадам. Ды і з намі не вельмі хацелі біцца ў лясах, бо мы левыя». Дамоўленыя забівы «сценка на сценку» праходзілі на гарадскіх вуліцах і ў вядомых абодвум бакам месцах. Нярэдка справа канчалася з'яўленнем АМАПу.
Самую памятную бойку Тамаз звязвае з футбольным манежам — прыкладна ў 2013 годзе. Гэта быў таварыскі матч «Рудзенска», які прыхільнікі МТЗ-РІПА лічылі сяброўскім і ідэалагічна блізкім клубам, і дублёраў «Дынама» Мінск. На гульню прыйшло каля 50 прыхільнікаў МТЗ, група падтрымкі «Дынама» складала 150‑200 чалавек. Бойка, паводле слоў расказчыка, скончылася, калі з будынка манежа выбег ахоўнік, якога супрацьлеглы бок прыняў за АМАП — і пачаў разбягацца.
На вуліцы Зыбіцкай Тамаза з прыяцелем аднойчы збілі сямёра дынамаўцаў. Хлопец прызнаецца, што некалькі гадоў яму бывала страшна вяртацца дадому:
«Напэўна, два гады такое адбывалася. У метро спускаешся, аглядаешся па баках. Гэта быў сапраўдны каляфутбол. Былі сур'ёзныя чэрапна-мазгавыя траўмы, страсенне. Бывала, што і ў пад'ездзе чакалі».
Тым не менш асабістыя адносіны з часткай фанатаў «Дынама» складваліся прасцей. Тамаз кажа, што трымаўся простага правіла: «Ёсць людзі добрыя, а ёсць людзі кепскія. Мне ўсё роўна, за які клуб ён заўзеў, калі гэта нармальны тып. Мы маглі біцца дзесьці на агульных мерапрыемствах, але потым разам, напрыклад, адзначаць Новы год».
Сачэнне і ціск задоўга да 2020-га
Цікавасць рэжыму да фан-руху, паводле слоў Піпіі, пачалася не ў 2020-м. Ужо з 2011‑2012 гадоў перад пачаткам кожнага сезону фанатаў выклікалі ў аддзяленні міліцыі падпісваць паперы пра недапушчальнасць выкарыстання піратэхнікі і «экстрэмісцкай сімволікі».
«Быў прэцэдэнт — у Гродне на выездзе у нас быў банер з намаляваным Спанч Бобам і перакрэсленай свастыкай. Сказалі, што гэта экстрэмісцкая сімволіка. Яны ўсё перавярнулі з ног на галаву і ўжо нас называлі фашыстамі», — успамінае Піпія.
З пэўнага моманту сачэннем за фанатамі заняўся КДБ. «Нам абрывалі перасячэнні: мы дамаўляліся з апанентамі на забіў у межах горада, а там ужо АМАП. Такое было неаднаразова. У асноўным стаяла тэлефоннае праслухоўванне без усялякіх санкцый», — перакананы Тамаз.
І выпадкі збіцця міліцыянтамі здараліся куды раней. Адзін з самых жорсткіх эпізодаў хлопец адносіць прыкладна да 2014 года. Ён проста ішоў па сваім раёне, калі непадалёк успыхнуў канфлікт, да якога ён не меў дачынення. Супрацоўнікі РУУС па сталічным Заводскім раёне, якія прыехалі, паводле ягоных слоў, адразу схапілі Піпію, а не «тых, хто пачаў разбягацца». Калі фанат пачаў спрачацца, яго сталі біць проста ў машыне:
«Яшчэ казалі: табе гэта што, амерыканскія фільмы? Можа, адваката выклікаць? Біць па твары яны пазбягалі, працавалі дубінкамі па нагах і целе. Яны ж усё разумеюць. Тое, што мяне папіналі, я гэтага не дакажу».
Спроба вярбоўкі і ад'езд у Кіеў
У 2016-м, паводле Тамаза, яго выклікалі ў 6‑ы аддзел ГУБАЗіК, які займаўся фанатамі. Фармальнай падставай стала бойка на станцыі метро «Спартыўная» годам раней. «Мне пачынаюць нейкія абвінавачванні выстаўляць, што я арганізаваў экстрэмісцкае фармаванне. Я ўяўлення не меў, што гэта такое», — успамінае фанат.
Супрацоўнікі паставілі Піпію перад выбарам: або самому сесці на 11 гадоў, або арганізаваць фанацкую бойку, дзе губазікаўцы затрымалі б ўсіх удзельнікаў. «Я наняў адваката і праз пару дзён нас выклікалі на размову разам. Пасля адвакат сказаў: «У цябе суткі, каб з'ехаць з Беларусі». У адваротным выпадку пагражала затрыманне і змяшчэнне ў ІЧУ на трое сутак з далейшым выстаўленнем абвінавачання».
Тамазу на той момант быў 21. Ён з'ехаў у Кіеў, дзе яго сустрэлі аднадумцы — фанаты кіеўскага «Арсенала». Там хлопец правёў агулам больш за год, перыядычна наведваючыся ў Мінск.
«Мяне ўразіла, што супрацоўнік ГУБАЗіК тады сказаў: вы можаце арганізавацца адзін супраць аднаго нібыта для барацьбы з нацызмам, але ў пэўны момант вы накіруеце ўсю сваю сілу супраць уладаў. І гэта была іх нагода рэпрэсаваць», — успамінае Піпія.
Таксама ён сцвярджае, што яшчэ ў 2015 годзе ў дзень выбараў супрацоўнікі ў цывільным адкрыта, не хаваючыся, суправаджалі яго і таварышоў ад пад'езда да цэнтра горада.
Затрыманне ў 2020‑м і допыты з ужываннем сілы
У 2020‑м сачэнне ўзмацнілася яшчэ да дня выбараў. «У пачатку жніўня я ўжо бачыў ціхароў, у сярэдзіне жніўня мне даводзілася ўцякаць ад іх».
Пра допыты ў той перыяд Піпія кажа так: «Мяне затрымалі супрацоўнікі спецназа КДБ «Альфа». Потым на выездзе з Гродна перадалі ГУБАЗіКу, дарога да Мінска цягнулася гадзіны чатыры і была вельмі «вясёлай». Удары токам у вобласць локця, на галаву насоўвалі і сцягвалі байку на вяроўцы, пакуль не губляў прытомнасць. Яны мяне падымалі, давалі вады і зноў працягвалі катаваць. Часам настаўлялі на мяне пісталет.
Губазікаўцы мне ў вочы казалі, што забілі Мікіту Крыўцова (былы фанат «Маладзечна», удзельнік пратэстаў 2020 года. Яго цела было знойдзенае 22 жніўня 2020 года павешаным у адной з лесапалос Мінска. Гэтая смерць і яе прычыны выклікаюць шмат пытанняў — заўвага аўтара) — гэта было немагчыма слухаць.
Я разумеў, што яны рэальна жывёлы. Яны апускаліся да такіх нізасцяў… Пагражалі згвалціць дзяўчыну. Ты сядзіш і нічога не можаш зрабіць. Я зразумеў для сябе, што самае страшнае — гэта аказацца ў руках тэрору безабаронным».
Тамаз перакананы, што пасля 2014 года сілавікі пераарыентаваліся з барацьбы з рэальнай арганізаванай злачыннасці на фанатаў і анархістаў:
«Усіх нас называлі фашыстамі. Я бачыў, што на антыфа аказваўся вельмі сур'ёзны ціск — сілавікам не падабаліся нават сацыяльныя праблемы, якія вырашаліся, калі мы дапамагалі прытулкам ці бяздомным».
У калоніі хлопцу было прасцей: «У прынцыпе, нармальна ставіліся. Тым не менш некалькі вязняў увесь час сачылі за мной, з кім маю зносіны. Вакол мяне кансалідаваліся людзі радыкальных поглядаў, пераважна фанатаў. Мясцовая адміністрацыя не магла на такое глядзець. У выніку мне рэгулярна прызначалі ШІЗА, а затым завялі крымінальную справу паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі выпраўленчай установы».
У калоніі хлопец зблізіўся з фантамі «Тарпеда-БелАЗ», «Дынама» Мінск. «Мы былі вельмі блізкімі сябрамі. Таму што мы па духу адзін да аднаго бліжэйшыя, чым да звычайных вязняў».
Сяброўства насуперак ідэалагічным нязгодам
Супрацьстаянне левыя/правыя скончылася з 2014 года, калі Расія пачала ваенную агрэсію ва Украіне. Абсалютная большасць фанатаў заняла праўкраінскія пазіцыі.
У 2022-м, ужо знаходзячыся ў калоніі, Тамаз даведаўся, што ягоны колішні апанент з фан-руху «Дынама» Паша «Борт» Горбач праз сястру перадаваў грошы і словы падтрымкі.
«Чалавек з абсалютна іншымі поглядамі, Паша «Борт», Царства яму Нябёснае, — вельмі яму ўдзячны, — кажа Тамаз. — Мы калісьці варагавалі, неаднаразова біліся. І вось вам паказнік чалавечнасці. Гэта прыклад кожнаму з нас».
Павел «Борт» ваяваў ва Украіне ад першага месяца паўнамаштабнай вайны. Быў у Палку Каліноўскага, потым камандваў выведкай у батальёне «Тэрор», а напрыканцы далучыўся да грузінскіх добраахвотнікаў. Загінуў у кастрычніку 2023-га.
«Сястра проста ў калонію напісала ліст, што твой сябар, які дапамагаў, падарваўся. Для мяне важная чалавечнасць. Усе мы людзі, і важна заўсёды захоўваць у сабе гэта. Няважна, гэта калонія ці іншае месца. Мы павінны адзін да аднаго ставіцца з павагай».
На пытанне, ці змяніліся яго погляды пасля ўсяго перажытага, Тамаз адказвае, што яны засталіся ранейшымі. Ён праводзіць паралель з сітуацыяй ва Украіне, дзе ў адных акопах могуць знаходзіцца людзі з рознымі палітычнымі пазіцыямі.
«У мяне ёсць вельмі добрыя сябры правых поглядаў. Нам гэта не перашкаджае. Мы разумныя дарослыя людзі, дзесьці ў жарт можам паспрачацца на гэтую тэму, але ўжо не больш за тое», — запэўнівае Піпія.