Пад Мсціславам, магчыма, ужо пачалі рыхтаваць пляцоўку пад радыеактыўны могільнік
Рэдакцыя выдання «Флагшток» атрымала паведамленне пра тое, што на адной з пляцовак, якія разглядаюцца для будаўніцтва пункта захавання радыёактыўных адходаў (ПЗРА), ужо пачаліся будаўнічыя работы. Інфармацыя тычылася пляцоўкі, размешчанай у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці: нібыта там пачалі работы па стварэнні катлавана для ПЗРА.
Геалагічныя даследаванні Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі (БелРАА) у сакавіку 2026 года. Мсціслаўскі раён. Фота: БелРАА
Для праверкі ўсіх трох пляцовак «Флагшток» скарыстаўся сэрвісам касмічных здымкаў Sentinel і параўнаў, як на працягу апошняга года змяніліся анансаваныя месцы забудовы і іх ваколіцы.
Хойніцкі раён (басейн Прыпяці). Пляцоўка каля вёскі Навасёлкі за год зазнала найменшыя змены. На працягу гэтага перыяду былі выразаныя чатыры квадраты сумарнай плошчай 12 га ў лясным масіве. Толькі адзін з іх адносіўся да плямы меркаванай забудовы ПЗРА. Вырубкі выглядаюць як звычайная дзейнасць лясгаса.
Прапанаваная да будаўніцтва ПЗРА пляцоўка ў Хойніцкім раёне. Ружовым колерам пазначана высяканне лесу, праведзенае ў 2026 годзе
Астравецкі раён (басейн Віліі). Пляцоўка таксама зазнала змены. Непасрэдна на пляме магчымай забудовы быў высечаны квадрат лесу плошчай 4 га, на захад па-за плямай забудовы заўважныя земляныя работы або месца складавання на плошчы 1 га. Тэрыторыя знаходзіцца каля наяўнага часовага месца захоўвання пяску. Наяўныя здымкі не дазваляюць зрабіць выснову пра характар работ.
Прапанаваная да будаўніцтва ПЗРА пляцоўка ў Астравецкім раёне. Ружовым колерам пазначана высяканне лесу, праведзенае ў 2026 годзе
Мсціслаўскі раён (басейн Сожа). Мае найбольшую колькасць змен. Першыя работы пачаліся яшчэ ў верасні 2025 года, найбольш заўважнымі яны сталі ў пачатку лета 2026-га. Апошнія абнаўленні спадарожнікавых здымкаў паказваюць, што работы працягваюцца.
Прапанаваная для будаўніцтва ПЗРА пляцоўка ў Мсціслаўскім раёне. Ружовым колерам абазначаная тэрыторыя, дзе былі высечаныя лясы і быў зменены рэльеф у 2025—2026 гадах
На тэрыторыі, якая разглядаецца для будаўніцтва ПЗРА, была ачышчана ад расліннасці і засыпаная кіламетровая балка ручая. Тэрыторыя на поўнач была цалкам расчышчаныя ад расліннасці і, верагодна, ад урадлівага пласта зямлі на ўчастку 3,4 квадратнага кіламетра. на тэрыторыі на паўночны захад праведзена выдаленне расліннасці і, верагодна, частковае нівеліраванне суфазійных правалін (ям).
Параўнанне змен тэрыторыі пляцоўкі, прапанаванай для будаўніцтва ПЗРА ў Мсціслаўскім раёне
Bывучэнне геалогіі дае магчымасць зразумець, што менавіта бачна на касмічных здымках. Гэта беспрэцэдэнтныя па маштабе работы па выроўніванні паверхні зямлі. Засыпаюцца пяском яры, утвораныя ручаямі, і шматлікія лакальныя суфазійныя праваліны.
Суфазійныя ямы і равы ручаёў у раёне вёскі Ходасы Мсціслаўскага раёна. Крыніца: Google Earth
Растлумачыць такія маштабныя і дарагія земляныя работы на тэрыторыі больш за тры квадратныя кіламетры немагчыма патрэбамі сельскай гаспадаркі і так званым уключэннем у абарот земляў, якія не выкарыстоўваюцца. Знасці прыклад такіх работ на «суфазійных» землях не ўдалося. Адпаведныя дзяржзакупкі ў Мсціслаўскім раёне не праводзіліся.
Карэспандэнту «Флагштока» ўдалося дазваніцца па нумары тэлефона старшыні Ходасаўскага сельсавета і пад выглядам занепакоенага грамадзяніна звярнуцца з пытаннем, што збіраюцца будаваць каля вёскі Ходасы. Адказам была кінутая слухаўка.
Яшчэ адным намёкам у бок Мсціслаўскай пляцоўкі стала блізкая адпаведнасць прапанаванага абазначэння раёна будаўніцтва ПЗРА апублікаванай схеме аб'екта. Плошча забудовы могільніка са Справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (СУНА) складае 0,38 квадратнага кіламетра і ўяўляе сабой прамавугольнік са скошаным вуглом. На схемах «Мсціслаўская» пляцоўка займае 0,56 кв. км, а «Астравецкая» — 0,90 кв. км і «Хойніцкая» — 4,02 кв. км.
Інфаграфіка «Флагштока»: накладанне плана ПЗРА на канфігурацыю раёна забудовы са слайда БелРАА
Тлумачэннем каласальных капіталаўкладанняў можа з'яўляцца тое, што тэрыторыю ўжо на працягу года рыхтуюць для будаўніцтва ПЗРА. Пры гэтым дзве іншыя пляцоўкі ў Хойніцкім і Астравецкім раёнах з'яўляюцца фіктыўнымі і сур'ёзна не разглядаюцца, а грамадскія абмеркаванні і экалагічная экспертыза сталі фармальнымі рытуаламі.
Чытайце таксама:
Чыноўнік патлумачыў, чаму нельга рабіць ядзерны могільнік у Астравецкім раёне
Стала вядома, як будзе выглядаць могільнік для радыеактыўных адкідаў у Беларусі