БЕЛ Ł РУС

У аграгарадку пад Слонімам зачыніліся пошта, Дом быту і аптэка. Яшчэ нядаўна ўлады хваліліся клопатам пра жыхароў

19.08.2026 / 14:49

Nashaniva.com

Жыхары аграгарадка Дзераўная Слонімскага раёна распавялі пра праблемы, якія паступова пазбаўляюць населены пункт звыклай інфраструктуры. За апошні час тут зачыніліся аддзяленне пошты і Дом быту, перастала працаваць адзіная аптэка. Мясцовыя жыхары дадаюць да гэтага спісу амбулаторыю і дзіцячы сад, піша BGmedia.

Дзень вёскі ў Дзераўной. Фота: «Культура Слонімшчыны»

Пра сітуацыю распавёў у гарадскім пабліку адзін з мясцовых жыхароў. Паводле яго слоў, магчымасцей атрымліваць элементарныя паслугі непасрэдна ў аграгарадку становіцца ўсё менш.

Чарговай праблемай стала непагадзь 18 ліпеня. Праз моцны дождж і вецер сарвала дах з будынка мясцовай крамы, дзе таксама знаходзілася адзіная аптэка. Прайшоў ужо месяц, але яна дагэтуль не працуе.

Пасля звароту жыхароў Слонімскі райвыканкам паведаміў, што зараз будынак аднаўляюць. Там рамантуюць і ўмацоўваюць дах, а супрацоўнікі Слонімскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства паралельна прыводзяць у парадак унутраныя памяшканні. Завяршыць працы чыноўнікі абяцаюць да 1 верасня. 

Аднак у каментарах жыхары звярнулі ўвагу, што спіс праблем Дзераўной значна шырэйшы: «Штосьці вы сціпла пералічылі», «A таксама закрыццё амбулаторыі, дзіцячага сада».

Іншыя ўспамінаюць, якой інфраструктурай аграгарадок валодаў раней: «Такая вёска калісьці была — бальніца была, а цяпер? Нават аптэкі няма. Куды глядзіць старшыня сельсавета?»

У маі ў аграгарадку Дзераўная ўрачыста адкрылі спартыўную пляцоўку

Пры гэтым у апошнія месяцы Слонімскі райвыканкам і раённая газета практычна не распавядалі пра назапашаныя праблемы Дзераўной. Апошняя заметная публікацыя пра аграгарадок з'явілася 8 мая — і выглядала яна зусім інакш.

Тады тут урачыста адкрывалі новую спартыўную пляцоўку. На мерапрыемства прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі, перарэзалі сімвалічную стужку, а раённая газета назвала з'яўленне трэнажораў «яскравым сведчаннем клопату і падтрымкі насельніцтва аграгарадка» і прыкладам узаемадзеяння бізнесу, улады і жыхароў.

Праз тры месяцы карціна выглядае куды менш святочна. Спартыўная пляцоўка ў Дзераўной сапраўды з'явілася, але адначасова жыхары кажуць пра закрытую пошту, Дом быту, амбулаторыю і дзіцячы сад, а адзіная аптэка ўжо месяц не працуе пасля пашкоджання даху. Пра гэтыя праблемы ў афіцыйнай карціне жыцця аграгарадка да звароту саміх людзей практычна нічога не было.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула