Рыхтуюць пад'ём да месца магчымай гібелі беларускіх альпіністаў у Кыргызстане
Пошукавая аперацыя ў гарах Кыргызстана, дзе пасля ўзыходжання на пік Курумды зніклі беларускія альпіністы, перайшла на новы этап. Наземная частка пошукавых работ ужо завершаная, а аператыўны штаб працягвае працаваць над падрыхтоўкай складанай аперацыі па пад’ёме на небяспечны ўчастак, паведамляе Sputnik.
Старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання Аляксандр Гадлеўскі паведаміў, што спецыялісты цяпер аналізуюць матэрыялы, атрыманыя падчас абследавання раёна.
Раней беспілотнікі заўважылі на схіле піка Курумды аб'екты, якія могуць быць целамі зніклых альпіністаў. Аднак канчаткова пацвердзіць гэта пакуль немагчыма.
На відэазапісах добра відаць альпінісцкія чаравікі з кошкамі, а таксама асобныя элементы адзення і рыштунку. Самі людзі амаль не праглядаюцца з-за снегу і камянёў.
Гадлеўскі падкрэсліў, што дакладна ўстанавіць, што ці хто знаходзіцца на схіле, і правесці магчымае апазнанне можна будзе толькі пасля іх спуску з гары.
Наступная задача — падрыхтаваць бяспечную аперацыю па пад’ёме на схіл. Участак складаны і небяспечны: там захоўваецца рызыка абвалаў камянёў і сходу снегу.
Спецыялісты працягваюць вывучаць сабраныя матэрыялы і праводзяць неабходныя разлікі. На іх аснове будзе распрацаваны план будучай аперацыі.
Паводле папярэдніх планаў, непасрэдны пад’ём можа адбыцца ў канцы жніўня або ў верасні. Канчатковыя тэрміны будуць залежаць найперш ад умоў і бяспекі правядзення работ.
У пошуках задзейнічаныя больш за 100 добраахвотнікаў.
Беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў зніклі пасля ўзыходжання на пік Курумды. Апошні раз група выходзіла на сувязь 2 жніўня.
Чытайце таксама:
У МНС Кыргызстана абверглі выяўленне цел зніклых альпіністаў на піку Курумду
Аперацыю па эвакуацыі загінулых у Кыргызстане альпіністаў пакуль адклалі
«Шукаць сэнс ёсць». Як ідуць пошукі зніклых у Кыргызстане альпіністаў