Пад Полацкам кіроўца насмерць збіў пешахода і ўцёк
У Полацкім раёне затрымалі 50‑гадовага мясцовага жыхара, які здзейсніў смяротны наезд на пешахода і з’ехаў з месца аварыі. Пра гэта паведамілі ў МУС Беларусі.
Скрыншот з відэа
ДТЗ адбылося ў ноч з 17 на 18 жніўня на 31‑м кіламетры аўтадарогі Н3950 Обаль — Полацк каля вёскі Баяры. Пад коламі аўтамабіля загінуў 45‑гадовы пешаход.
Супрацоўнікі міліцыі аператыўна ўстанавілі асобу кіроўцы і затрымалі яго па месцы жыхарства. Мужчыну даставілі ў Полацкі РАУС, дзе ён прызнаўся ў зробленым.
Як высветлілася, раней кіроўца тройчы прыцягваўся да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане.
У ДАІ нагадалі, што ўдзельнік дарожна-транспартнага здарэння павінен застацца на месцы аварыі, аказаць дапамогу пацярпелым, не перамяшчаць аўтамабіль і прадметы, звязаныя з ДТЗ, а таксама паведаміць пра здарэнне ў міліцыю і хуткую дапамогу. Пакіданне месца аварыі з’яўляецца абцяжарвальнай акалічнасцю і можа пацягнуць крымінальную адказнасць.