БЕЛ Ł РУС

Беларускі крымінальнік з забаронай на ўезд у Расію ламануўся на фронт. Але на мяжы яго арыштавалі і зноў пасадзілі

19.08.2026 / 20:55

Nashaniva.com

Мікалай Жураўскі зноў сеў. Затое застаўся жывы!

Расійскія вайскоўцы. Фота: AP Photo Alexei Alexandrov

Грамадзяніна Беларусі Мікалая Жураўскага прысудзілі ў Расіі да 9 месяцаў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы. Не дапамаглі нават яго тлумачэнні — Жураўскі даводзіў, што прабіраўся ў Расію, каб запісацца добраахвотнікам на фронт.

Беларус мае доўгую крымінальную гісторыю ў Расіі. Жураўскі нядаўна сядзеў паўтара года за крадзяжы. Калі вызваліўся, то яго дэпартавалі.

Праўда, Жураўскі адмаўляўся падпісвацца пад забаронай на вяртанне ў Расію, але ад гэтага забарона, натуральна, не знікла.

Тым не менш, пажыўшы паўтара года ў Беларусі, Жураўскі вырашыў ехаць у Расію. Паводле яго слоў, каб запісацца на фронт.

Ён даехаў на спадарожнай грузавой машыне да беларуска-расійскай мяжы ў раёне Невеля і адтуль пешшу рушыў уздоўж чыгуначнага палатна, спадзеючыся непрыкметна прайсці міма пагранічнага паста. Задума не спрацавала: спрацавала сігналізацыя, і ўжо праз некалькі гадзін пагранічнікі ФСБ затрымалі яго проста на чыгуначных шляхах з беларускім пасведчаннем асобы і ваенным білетам пры сабе.

Жураўскі не страціў надзею пайсці на вайну і пазней — з СІЗА звяртаўся ў пункт адбору на вайсковую службу ў Пскоўскай вобласці, аднак яму адмовілі: закон не дазваляе заключаць кантракт з замежнікамі, супраць якіх ужо вядзецца крымінальная справа.

Суд прызначыў Жураўскаму рэальны тэрмін — 9 месяцаў у калоніі строгага рэжыму.

Пасля прысуду ён мог зноў паспрабаваць пайсці на фронт. Зрэшты, у спісе загінулых беларуса пакуль няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула