Трамп пацвердзіў планы сустрэцца з Кім Чэн Ынам
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што плануе сустрэцца з лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам. Пра гэта ён паведаміў 19 жніўня падчас размовы з журналістамі каля Белага дома, піша Reuters.
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Сінгапуры ў чэрвені 2018 года. Фота: Evan Vucci / AP
Трамп адзначыў, што добра ведае Кім Чэн Ына і лічыць станоўчым тое, што яны падтрымліваюць добрыя адносіны.
Паводле яго слоў, дыялог з паўночнакарэйскім лідарам можа быць карысным, калі ЗША ўзначальвае «разумны прэзідэнт».
Падчас размовы Трамп таксама заявіў, што КНДР нібыта мае 57 ядзерных боегаловак, назваўшы іх «вельмі магутнымі». Пры гэтым ён не патлумачыў, адкуль узялася гэтая лічба.
Ацэнкі экспертаў адносна ядзернага арсеналу Паўночнай Карэі адрозніваюцца. Напрыклад, паводле ацэнкі Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI), па стане на чэрвень 2026 года КНДР магла мець каля 60 сабраных боегаловак і дастатковую колькасць матэрыялаў яшчэ прыкладна для 30.
Трамп і Кім Чэн Ын ужо сустракаліся некалькі разоў у 2018—2019 гадах — у Сінгапуры, В'етнаме і на міжкарэйскай мяжы. Падчас сустрэчы ў чэрвені 2019 года Трамп стаў першым дзейным прэзідэнтам ЗША, які перасёк дэмілітарызаваную зону і ступіў на тэрыторыю КНДР.
Пасля гэтага адносіны паміж Вашынгтонам і Пхеньянам зноў пагоршыліся. Аднак цяпер Трамп імкнецца аднавіць дыялог з Кімам. Раней паведамлялася, што ён разглядае магчымасць сустрэчы з паўночнакарэйскім лідарам ужо гэтай восенню.
Чытайце таксама:
У Іране назвалі каманду Трампа «клоўнамі» на фоне спрэчкі вакол Армузскага праліву
Трамп адклаў увядзенне пошлін супраць Канады
Трамп абвясціў Армузскі праліў тэрыторыяй ЗША
Рэйтынг Трампа апусціўся да найніжэйшага за часы яго кіравання