«Нікуды я ад яе не магу збегчы». Гісторыя сяброўства Марфы Рабковай і Насты Лойкі
Кожную раніцу Наста Лойка ішла на працу ў турэмную швейную майстэрню міма акна сталовай. За ім Марфа Рабкова мыла сталы і перадавала талеркі. Наста бачыла сяброўку і думала: яшчэ гадзіна — і яны сустрэнуцца на фабрыцы. Можна будзе расказаць назбіраныя за дзень навіны, нешта спытаць, абмеркаваць прачытанае. Калі іх раскідалі па розных зменах, засталося іншае акно: Наста чакала, пакуль Марфіна брыгада пойдзе з фабрыкі, і паказвала сяброўцы складзенае далонямі сэрца.
Наста Лойка і Марфа Рабкова падчас сустрэчы ў Вільні. Фота тут і далей: «Наша Ніва»
У калоніі, дзе лісты маглі не дайсці, сустрэчы забаранялі, а звычайны жэст падтрымкі мог стаць падставай для рапарта, часам аднаго позірку праз акно было дастаткова, каб вытрымаць яшчэ адзін дзень.
Праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка пазнаёміліся дзесяць гадоў таму. Спачатку Наста дапамагала Марфе, якая сама сутыкнулася з крымінальным пераследам. Потым яны разам падтрымлівалі іншых палітвязняў і іх сем’і. Пасля затрымання Марфы Наста перадавала ёй лісты і навіны. А яшчэ праз два гады сама апынулася за кратамі.
У калоніі сяброўкі зноў сустрэліся. Там Наста чакала Марфу каля акна, Марфа малілася «ўсім багам», каб Наста выйшла з ПКТ, а іншыя зняволеныя шукалі па ўсёй Еўропе сабаку Насты Эрыка. Іх вызвалілі ў адзін дзень — як Марфа калісьці і прадказвала.
Сваю гісторыю дзяўчаты расказалі падчас сустрэчы ў Вільні.
З чаго ўсё пачалося
Яны пазнаёміліся ў 2016 годзе. Наста працавала ў грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтра «Вясна», а Марфа была актывісткай і фігуранткай сваёй першай крымінальнай справы ў якасці падазронай.
Спачатку яны толькі перапісваліся. Марфа расказвала, што з ёй адбываецца, а Наста тлумачыла магчымыя наступствы і прававыя перспектывы. Пазней яны сустрэліся асабіста, пачалі перасякацца ў судах і падчас дапамогі іншым людзям. Прафесійнае знаёмства паступова перарасло ў сяброўства.
Марфа прыгадвае, што менавіта Наста калісьці прывяла яе ў праваабарончы рух:
— Яна казала мне: «Слухай, ёсць семінар, пойдзем?» Я адказвала: «Пойдзем, вельмі цікава». Адзін семінар, потым другі, трэці — і бачыце, што атрымалася: вось я ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
У 2016 годзе, калі Марфе было цяжка, Наста стала адной з тых асоб, якія працягнулі ёй руку дапамогі. Марфа кажа, што гэтага не забылася нават за кратамі, і не дазволіла супрацоўнікам КДБ і калоніі пераканаць сябе, што Наста нібыта «дрэнны чалавек»:
— Колькі б мне ні расказвалі пра Насту нейкія байкі і легенды, я казала: «Мне ўсё роўна». Для мяне гэта цудоўны чалавек, і я ніколі ад яе не адмоўлюся. Яна дапамагла мне, калі было цяжка, і я буду памятаць гэта заўсёды.
Сабака з прытулку
У іх сяброўстве з’явілася яшчэ адна сувязь — сабака Эрык. Марфа валанцёрыла ў прытулку для бяздомных жывёл пад Мінскам. Калі ў 2017 годзе Наста вырашыла ўзяць сабаку, менавіта Марфа дапамагла ёй выбраць Эрыка, пазнаёміла іх і падтрымлівала ў першыя месяцы адаптацыі.
Праз некалькі гадоў Эрык нечакана стане вядомы амаль усёй Гомельскай жаночай калоніі. Але спачатку былі сумесная праваабарончая праца, суды і перадачы для іншых зняволеных.
«Усе ведаюць, што я буду махаць Насце»
17 верасня 2020 года Марфу Рабкову затрымалі. Наста добра памятае наступны дзень: трэба было шукаць адвакатаў, збіраць перадачы, даведвацца, дзе знаходзіцца Марфа і што з ёй адбываецца.
Першы час ім яшчэ дазвалялі ліставацца. Наста пісала сяброўцы і дасылала навіны, якія маглі яе цікавіць. Пазней гэтую магчымасць амаль цалкам забралі.
У наступны раз Наста пабачыла Марфу ў траўні 2022 года ў судзе. Працэс праходзіў па справе, у якой разам з Рабковай судзілі яшчэ некалькі чалавек. Праваабаронцы тады зрабілі цішоткі «Добі вольны эльф».
Марфа зайшла ў залу суда, расшпіліла кашулю і паказала, што пад ёй такая ж цішотка:
— Гэта было вельмі прыемна, — згадвае Наста.
Пасля працэс зрабілі закрытым. Наступная сустрэча адбылася 6 верасня 2022 года, калі Марфе абвясцілі прысуд. Пасля прысуду затрымалі ўжо Насту. Спачатку яна правяла 30 сутак пад адміністрацыйным арыштам, а неўзабаве супраць яе распачалі крымінальную справу.
На Валадарцы Марфа выпадкова пачула ў калідоры, што выклікаюць Лойку, і паспела праз адвакатку перадаць ёй прывітанне. Наста тады здолела пераправіць Марфе маляву. Убачыць адна адну яны спрабавалі праз дзвярное вочка.
Па-сапраўднаму сяброўкі сустрэліся падчас этапу ў гомельскую калонію. У калоніі іх размеркавалі так, што некаторы час яны працавалі ў адну змену і маглі размаўляць амаль кожны дзень. Але ім усё роўна не хапала часу, таму яны яшчэ ліставаліся.
Марфа распавядае, што Наста працягвала яе навучаць правам чалавека. Яны абмяркоўвалі праваабарончую дзейнасць, грамадскія кампаніі і кнігі. Марфа згадвае размову пра гісторыю карэнных народаў Амерыкі і чалавека, які змагаўся за права самастойна прадстаўляць сябе ў судзе ў часы, калі яго народ увогуле не ўспрымалі як роўных людзей.
— Гэта быў для мяне глыток свабоды. Побач быў чалавек, які мяне разумеў і з якім я магла ўсё гэта абмяркоўваць, — кажа Марфа.
Калі сябровак развялі па розных атрадах і зменах, яны пачалі шукаць іншыя спосабы бачыцца. Спачатку Наста кожную раніцу заўважала Марфу ў акне сталовай. Пазней яе атрад размясцілі так, што з акна можна было бачыць дарогу паміж фабрыкай і жылой зонай.
Наста чакала, пакуль Марфіна брыгада пойдзе з працы, і паказвала ёй сэрца далонямі. Марфа ў адказ махала рукой.
Іншыя зняволеныя папярэджвалі: нельга так паводзіцца, калі ідзеш у калоне, нехта можа паведаміць адміністрацыі.
— Я казала: «Слухайце, усе ведаюць, што я буду махаць Насце. Калі вы пойдзеце і скажаце адміністрацыі, што Марфа махае Насце, ніхто не здзівіцца. Таму можаце ісці і даносіць», — смяецца Марфа.
Часам сяброўкам удавалася перадаваць адна адной кароткія цыдулкі. Адну з іх Наста аддала Марфе на фабрыцы. Марфа схавала запіску ў станіку, але па дарозе цыдулка выпала.
Марфа не магла заснуць: баялася, што паперку знойдуць супрацоўнікі і праз яе пакараюць Насту. Тады яна пачала маліцца, каб пайшоў дождж.
— Калі я ляжала і пачула, як па даху забарабанілі кроплі, падумала: «Дзякуй Богу, цяпер гэтая цыдулка размокне і яе ніхто не прачытае», — згадвае яна.
«Кавалак майго сэрца паляцеў у ПКТ»
Адным з самых цяжкіх момантаў для Марфы стаў дзень, калі Насту адправілі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу. У абедзвюх у адзін дзень павінна была адбыцца камісія па пакараннях. Марфу выклікалі з раніцы, а Насту — не. Сяброўкі нават паспелі ўзрадавацца: падумалі, што яе камісію адклалі і, магчыма, стаўленне да палітзняволеных пачынае змяняцца.
Яны працавалі побач, калі Насту ўсё ж выклікалі. Марфа бачыла, як яна пайшла, а пасля чакала, што сяброўка вернецца. Але Наста не прыйшла. Неўзабаве стала вядома: паўгода ПКТ.
— Гэта мяне зусім зваліла. Было вельмі раптоўна. Звычайна, калі даюць пакаранне, ты хаця б можаш скласці нейкі лагічны ланцужок. А чаму ёй далі паўгода ПКТ, я не ведаю дагэтуль, — кажа Марфа.
Да таго моманту яна старалася ніколі не паказваць адміністрацыі, што ёй цяжка. Але гэтым разам сіл хаваць свае пачуцці не засталося:
— Я казала: «Слухайце, я настолькі стамілася, што нават не буду больш перад вамі прыкрывацца. Я не ведаю, навошта вы гэта робіце, але для мяне гэта як кавалак майго сэрца паляцеў у гэты ПКТ».
Незадоўга да пераводу Наста перадала ёй малюнак Ганешы — індуісцкага бога мудрасці і дабрабыту. Марфа часта глядзела на яго і думала пра сяброўку:
— Я казала, што буду маліцца ўсім багам, каб Наста вызвалілася хутчэй. І паабяцала: калі яна вызваліцца праз гэтыя паўгады, куплю сабе маленькую статуэтку Ганешы. Вось, цяпер трэба будзе набыць.
Увесь час, пакуль Наста знаходзілася ў ПКТ, Марфа думала пра тое, ці выйдзе сяброўка адтуль і ў якім стане. Калі Насту нарэшце перавялі назад, ім дазволілі сустрэцца.
Марфу выклікалі з фабрыкі, нічога не патлумачыўшы. Яна ішла па двары і раптам пачула Насцін голас. Яны пабачыліся — і наступныя дзесяць хвілін проста абдымаліся.
Калі пасля супрацоўнікі спыталі Марфу, як у яе справы, тая ўжо нічога не хавала:
— Паглядзіце на мяне. Я задаволеная, усё добра. Я ўбачыла сваю любімую Настачку, таму жыццё ёсць, яно працягваецца.
Некалі Наста як супрацоўніца «Вясны» тлумачыла Марфе, што рабіць пасля першай крымінальнай справы. У калоніі іх ролі нібыта памяняліся.
— Марфа была маім галоўным адвакатам і падтрымкай унутры калоніі, — кажа Лойка.
«Наста, Эрык жывы!»
У калоніі супрацоўнікі імкнуліся знайсці слабыя месцы зняволеных. Для Насты такім месцам быў Эрык — той самы сабака з прытулку, якога калісьці дапамагла выбраць Марфа.
Эрык знаходзіўся ў Чэхіі, і сілавікі пачалі пераконваць Насту, што сабака памёр. Гэта была не адна выпадковая размова. Паводле Лойкі, каля месяца аператыўнік прыходзіў амаль праз дзень і паўтараў:
— А што там, твой сабака яшчэ не памёр? Што, сабаку любіш больш, чым маму? Сабаку здолела вывезці з краіны, а маму не?
Ілжывую навіну спачатку паведамілі Марфе. Відаць, разлік быў на тое, што інфармацыя, атрыманая ад блізкай сяброўкі, прагучыць для Насты больш пераканаўча. Марфа не ведала, што гэта хлусня, і перадала пачутае Насце.
Наста разумела, што супрацоўнікі маглі хлусіць, але цалкам адкінуць пачутае не магла: навіна прыйшла праз Марфу, якой яна давярала. Да таго ж лісты даходзілі з вялікім спазненнем, частка інфармацыі не даходзіла. Наста пачала сумнявацца і ўрэшце папрасіла родных у лістах не хаваць ад яе праўду.
Калі маці атрымала гэты ліст і зразумела, што адбываецца, яна тэрмінова даслала тэлеграму і фотаздымкі: Эрык жывы. Але да таго часу ў пошукі інфармацыі ўжо ўключылася ледзь не ўся калонія. Наста прасіла жанчын, якія ішлі на спатканні, каб іх родныя даведаліся пра сабаку. Наступныя два-тры месяцы зняволеныя падыходзілі да яе і расказвалі: з Эрыкам усё добра. Камусьці сваякі нават даслалі ягоныя фотаздымкі.
Аднойчы, калі Наста гуляла ў дворыку, на другім паверсе аднаго з атрадаў адчынілася акно. З яго высунулася Наталля Дуліна і закрычала:
— Наста, Эрык жывы!
Сілавікі хацелі выкарыстаць сабаку, каб зрабіць Насце балюча, але замест гэтага запусцілі хвалю салідарнасці.
— Я адчула сябе ў вельмі добрым асяроддзі людзей, якія гатовыя мяне падтрымаць. Яны не разлучылі мяне з маім сабакам. Эрык стаў самым знакамітым сабакам ва ўсёй калоніі, — кажа Наста.
«Мы ўсе розныя, але павінны быць разам»
Слова «сястрынства» ў калоніі, паводле Насты, амаль не ўжывалі. Жанчыны называлі сябе палітычнымі або «жоўценькімі» — праз жоўтыя біркі, якімі адміністрацыя пазначала людзей, пастаўленых на прафілактычны ўлік.
Ды і адносіны ў розных атрадах складваліся неаднолькава — усё залежала ад людзей, якія там апынуліся. Але Наста старалася паўтараць:
— Мы ўсе розныя, але мы зняволеныя. Мы павінны быць разам.
Марфа і Наста кажуць, што за кратамі не пераставалі быць праваабаронцамі. Яны назіралі і збіралі інфармацыю, дапамагалі іншым жанчынам складаць заявы і скаргі, спрабавалі абараніць хворых, пажылых і цяжарных ад ШІЗА. Але найбольш простай формай праваабарончай працы яны называюць чалавечае стаўленне.
— Людзі там настолькі забітыя, на іх настолькі моцна стаіць кляймо, што ўжо само прызнанне ў іх чалавека нешта мяняе. Калі звяртаешся да людзей з павагай, яны і да цябе пачынаюць ставіцца інакш. Мы ўсе былі роўныя ва ўмовах, у якіх знаходзіліся, — тлумачыць Марфа.
Адзін дзень нараджэння і адзін дзень вызвалення
Марфа і Наста нарадзіліся ў адзін дзень — 6 студзеня, толькі з розніцай шэсць гадоў. У калоніі Марфа часта казала сяброўцы:
— Вось пабачыш: мы і вызвалімся ў адзін дзень. У нас будзе яшчэ адзін агульны дзень нараджэння.
Наста не верыла. Дый цяжка было паверыць: Марфу асудзілі на 14 гадоў і 9 месяцаў, Насту — на сем гадоў.
За дзень да вызвалення Насту выклікалі на чарговую размову з адміністрацыяй. Яна яшчэ не ведала, што ўжо заўтра яны абедзве апынуцца на волі. Але першай загаварыла не пра сябе, а пра Марфу.
— Марфа ўжо пяць з паловай гадоў у зняволенні! Колькі можна? — сказала яна супрацоўніку.
Той толькі паціснуў плячыма. А ўжо на наступны дзень, 19 сакавіка 2026 года, Марфу Рабкову і Насту Лойку вызвалілі разам і вывезлі з Беларусі. Калі яны пабачыліся, Марфа адразу нагадала:
— Вось бачыш, я ж казала, што мы вызвалімся ў адзін дзень.
Цяпер яны зноў могуць сядзець побач, піць гарбату і размаўляць столькі, колькі захочуць. Больш не трэба чакаць брыгады каля акна, хаваць запіскі ў вопратцы і складаць далоні ў сэрца, азіраючыся на супрацоўнікаў.
— Наста — нейкі неад’емны кампанент майго жыцця, — усміхаецца Марфа. — Яна заўсёды мяне пераследуе, заўсёды ідзе недзе побач — праз добрае і праз дрэннае. Нават вызваліліся мы разам. І вось зараз сядзім тут удзвюх, і нікуды я ад яе не магу збегчы.
Цяпер яны хочуць, каб у іх бачылі не толькі былых палітзняволеных. Марфа нагадвае: яна проста дзяўчына, якая нарадзілася ў Добрушы, Наста — дзяўчына з Мінска. Яны нешта любяць, нешта не любяць і маюць жыццё, якое не абмяжоўваецца турэмным досведам.