Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі паставіць не беларускую драматургію і не на беларускай мове
РТБД 20 жніўня адкрывае свой юбілейны XXXV тэатральны сезон. Першай прэм’ерай у ім стане спектакль «Маленькія трагедыі» паводле Аляксандра Пушкіна.
Фота: rtbd.by
Пастаноўку на рускай мове рыхтуе дырэктарка і рэжысёрка тэатра Святлана Навуменка, а сама прэм’ера запланавана на снежань 2026 года.
«Маленькія трагедыі» — гэта жамчужына драматургіі. Таму зварот да гэтага твора для нас не толькі пэўны досвед, але і сур’ёзны выклік. І мы жадаем узяць гэту вышыню…» — кажа Святлана Навуменка пра прэм’еру.
Навіна выклікала хвалю абурэння і расчаравання ў сацыяльных сетках. Карыстальнікі адзначаюць, што тэатр страчвае сваю галоўную адметнасць і моўную прастору, а таксама задаюцца пытаннем, чаму на сцэне Тэатра беларускай драматургіі робіцца акцэнт на рускую класіку.
РТБД доўгія гады заставаўся адным з трох дзяржаўных тэатраў краіны (разам з Купалаўскім у Мінску і Коласаўскім у Віцебску), дзе ўсе спектаклі ішлі выключна па-беларуску.
З 2020 года склад трупы значна абнавіўся — звольнена каля паловы акцёраў і ранейшае кіраўніцтва.