Амерыканскі фонд уганараваў Бяляцкага медалём «За служэнне дэмакратыі»
Рашэнне абвясціў Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED), які дапамагае развіццю дэмакратычных інстытутаў у свеце, у тым ліку і Беларусі, піша Радыё Свабода.
«NED (The National Endowment for Democracy, Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі) мае гонар уручыць Алесю Бяляцкаму медаль «За служэнне дэмакратыі» гэтай восенню, адзначыўшы дзесяцігоддзі ягонай працы па прасоўванні свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі», — заявіла арганізацыя.
Арганізацыя згадвае, што Бяляцкі перажыў зняволенне і пераслед за супраціўленне аўтарытарызму, дакументаванне злоўжыванняў рэжыму і абарону тых, чые асноўныя правы былі парушаныя.
«Мы ганарымся тым, што ўшаноўваем яго незвычайную мужнасць і нязменную прыхільнасць дэмакратычнай будучыні Беларусі», — паведаміла няўрадавая арганізацыя Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі на сваіх старонках у сацсетках.
Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED — National Endowment for Democracy) — амерыканская няўрадавая некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1983 годзе.
Яе місія — падтрымка развіцця дэмакратыі, правоў чалавека, свабодных СМІ, грамадзянскай супольнасці і незалежных прафсаюзаў па ўсім свеце. Фонд вядомы сувязямі і з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.