«Страшны трэск і грукат». На світанку Гомель разбудзілі гучныя гукі ў небе
Гукі не былі падобныя да звычайнага шуму рухавіка шахедаў, паведамляе «Флагшток».
Ілюстрацыйны здымак: Гомель досвіткам 20 жніўня. Фота з Threads
Гамельчукі ў сацсетках абмяркоўваюць, што адбылося ранкам 20 жніўня ў Цэнтральным раёне горада.
Паводле паведамленняў карыстальнікаў, каля 05:25 іх разбудзілі нетыповыя вельмі гучныя гукі ў небе. Зыходзячы з апісанняў відавочцаў, можна выказаць здагадку, што фіксаваўся гук пралёту дрона і выбух, альбо пралёт знішчальніка.
«Разбудзіў страшны трэск і грукат», «быў гук, нейкі дзікі трэск», «раздаўся грукат над домам», — так гамельчукі апісваюць тое, што адбылося.
Паводле іх слоў, такія гукі чулі жыхары дамоў на вуліцы Кожара ў Старым Аэрадроме, а таксама ў суседняй Валатаве (17-і, 18‑і мікрараёны), у Старой Валатаве. Некаторыя карыстальнікі сцвярджаюць, што пазналі гук пралёту знішчальніка.
Прыкметна, што гэтай ноччу над горадам не фіксаваўся гук «як у мотаролера», які стаў звыклым для Гомельшчыны, — характарны шум «Герань-136», найбольш распаўсюджанага ўдарнага БПЛА расійскага вытворчасці.
Якраз у гэты час працягвалася масаваная паветраная атака Расіі па тэрыторыі Украіны. «Флагшток» прааналізаваў паведамленні ўкраінскіх маніторынгавых каналаў і Паветраных сіл УСУ. Пра выпадкі залётаў БПЛА на тэрыторыю Беларусі не паведамлялася, але вядома, што расійскія рэактыўныя дроны рухаліся ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы (ад Добрушскага да Брагінскага раёнаў).
Чарговая група расійскіх рэактыўных дронаў перасоўвалася ўздоўж мяжы прыблізна з 4 да 5 раніцы. Таксама ў гэты час на Кіеў і Барыспаль ляцелі ракеты з поўначы і ўсходу.
Украіна таксама запускала БПЛА па тэрыторыі Расіі, але гэта адбывалася значна раней — каля 23:00 19 жніўня.
Магчыма, гэтай раніцай гамельчукі сталі сведкамі спробы збіцця рэактыўнага БПЛА над горадам — удалай ці няўдалай.