БЕЛ Ł РУС

«Калі пісаць — то толькі па гарачых сьлядах». Былы палітвязень Ігар Карней выпусціў кнігу турэмных успамінаў

20.08.2026 / 14:39

Nashaniva.com

У праваабарончым выдавецтве Sviedki выходзіць кніга журналіста, былога «свабодаўца» Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай», якую ён напісаў за 2 месяцы. Радыё Свабода пагаварыла з аўтарам.

У беларускіх рэаліях кнігі пра турмы не з'яўляюцца чымсьці эксклюзіўным і ўнікальным. А пасля 2020‑га ў Беларусі працуе своеасаблівая «тэорыя шасці рукапацісканняў»: людзі ведаюць пра карную сістэму не толькі ад саміх пацярпелых, але ад сваякоў, сяброў, знаёмых, кажа аўтар новай кнігі «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» Ігар Карней.

Журналіст быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года і асуджаны да 3 гадоў зняволення нібыта за супрацу з экстрэмісцкім фармаваннем, атрымаў яшчэ 11 месяцаў за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Адседзеў амаль два гады. У чэрвені 2025 года быў выдвараны з Беларусі. Спачатку апынуўся ў Літве, потым пераехаў у Партугалію да сям'і.

«Ідэя кнігі вітала ў паветры, я яшчэ ў СІЗА ўсведамляў, што ўсё гэта трэба будзе адлюстроўваць. Магчыма, у кагосьці былі выпрабаванні больш жорсткія і страшнейшыя, але не было ні імпэту, ні жадання, а ў некаторых майстэрства і здольнасцяў усё гэта апісаць. А я, будучы журналістам, вымушаны быў пісаць», — расказвае Карней.

«З паперак пакінулі толькі пашпарт»

Ігар Карней узгадвае, як летам 2025 года, праз месяц пасля яго выдварэння з-за кратаў, прыехаў у Варшаву, каб найперш сустрэцца са сваімі дочкамі, якія жывуць у Польшчы, а таксама з сябрамі.

«Старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай прапанавала мне не цягнуць. Але, у адрозненне ад майго калегі Алега Груздзіловіча, які публікаваў на сайце Радыё Свабода асобныя часткі, а потым выдаў гэтыя ўспаміны кнігай, у мяне не было такой раскошы — пісаць кавалкамі, давялося пісаць адразу кнігу. Я прыйшоў да высновы: калі пісаць — то толькі па гарачых слядах, пакуль усё ў яркіх фарбах. Інакш усе ўражанні растворацца, распыляцца, развеяцца, і збіраць усё гэта па-новаму з аскепкаў — не будзе ўжо ні энтузіязму, ні сіл, ні памяці, ні імпэту. Гэта ілюзія, што час мінае, і балячкі загояцца», — прызнаецца журналіст.

Ігара Карнея вызвалілі з турмы без нічога — не аддалі ніводнай паперкі, аркуша, ліста. Як удалося без нататкаў, з галавы за такі неймаверна кароткі тэрмін — за 2 месяцы — напісаць кнігу аб'ёмам больш за 400 старонак?

Ілюстрацыі да кнігі Ігара Карнея рыхтавала яго жонка Іна

«У 2021—22 гадах у зняволеных яшчэ былі магчымасці штосьці пераслаць з-за кратаў. Калі я сеў у 2023-м, гэта было ўжо нерэальна. Некалькі разоў былі «шмоны» ў калоніях у Шклове і ў Мазыры, дзе я апынуўся пасля другога прысуду. І ўсё, што я занатоўваў і аднаўляў, было канфіскаванае яшчэ там. А «кантрольны стрэл» — падчас вымушанага выезду, дакладней, цынічнага выдварэння КДБшнікі забралі рэшту ў «амерыканцы» — тое, што заставалася, уключна з асабістымі лістамі ад сваякоў… З паперак пакінулі толькі пашпарт, які хутка таксама прызналі несапраўдным», — кажа Карней.

«Калі пачаў пісаць кнігу, слова «інкамунікада» я не ўжываў»

Журналісту не хацелася паўтарацца, бо ўжо выходзілі кнігі былых зняволеных, новыя людзі, магчыма, таксама будуць пісаць. Было вырашана сканцэнтравацца менавіта на ізаляцыі — на рэжыме інкамунікада. Ігар прызнаецца, што раней гэтага слова не ведаў. Упершыню яго пачуў у размове з адвакатам і не адразу ўсвядоміў, што гэта азначае.

«Бо седзячы ў ізалятары, інкамунікада яшчэ няма: ты падазраваны, спадзяешся: можа, яшчэ выпусцяць. Былі сустрэчы з адвакатам, ліставанні, перадачы. Яшчэ можна было існаваць — не жыць, а менавіта існаваць. Ну, а калі пачаліся «каляніяльныя» прыгоды, там умовы на парадак больш жорсткія, абмежаванні на ўсіх франтах. Калі пачаў пісаць кнігу, слова «інкамунікада» я не ўжываў, яно з'явілася на больш познім этапе рэдагавання. У мяне была іншая версія: назоў «Катаванне адзінотай» і падзагаловак «Як выбіваюць іншадумства»», — прызнаецца аўтар кнігі.

Ён лічыць, што ў дачыненні да яго самога, магчыма, гэта не зусім апраўдана, бо шмат людзей не адзін год знаходзіліся ў рэжыме татальнага абмежавання не толькі са сваякамі, роднымі, але і ўвогуле з вонкавым светам. У Ігара было паўгода адзіночкі ў Шклоўскай калоніі (толькі 4 дні папрацаваў на лесапілцы з Паўлам Белавусам), а ўвесь астатні час — у ШІЗА і ПКТ. На жорсткім рэжыме ў Мазыры таксама быў у ШІЗА, але там знаходзілася па 4—5 чалавек.

«Калі ты «жоўтабірочнік» са статусам «экстрэміста» і з прафулікам № 10 — адбываецца сегрэгацыя. Што да «белабірочнікаў» (забойцаў, маньякаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў) — з гледзішча пенітэнцыярнай сістэмы гэта нармальная публіка, а з палітычнымі, экстрэмістамі лепш не кантактаваць увогуле. Ну і па магчымасці стварыць ім невыносныя ўмовы. Не ўсе фізічна вытрымліваюць гэтыя здзекі. Калі чалавека без прычыны кідаюць у ШІЗА, прыдумляюць чарговыя парушэнні, потым змяшчаюць у ПКТ, зноў падстаўляюць, і так да наступнай крымінальнай справы па 411 артыкуле — атрымліваецца «зачараванае кола», з якога можна не выйсці, маючы нават невялікі тэрмін ад пачатку», — кажа былы палітвязень.

На яго думку, людзі з жоўтымі біркамі «экстрэмістаў» успрымаюцца як матэрыял для эксперыментаў. Не бярэцца пад увагу ні стан здароўя, ні ўзрост, ні прычына, з якой чалавек апынуўся за кратамі. Ідуць у ход бесцырымонныя атакі.

«Прычым у некаторых месцах гэта больш канцэнтравана. Мне падалося, што менавіта ў Шклоўскай калоніі (гэта пацвярджаюць іншыя сядзельцы — Ахіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандар Ярашук, Павал Севярынец, на месца якога я ненадоўга прызямліўся) — усе яны перакананыя, што ёсць «спецзаданне» — прэсаваць палітычных. А начальнік Шклоўскай калоніі — Карняенка (мянушка ў яго — Карней, я ж чуў, як вертухаі стэбяцца са свайго начальніка). Ён стварыў для мяне невыносныя ўмовы і асабіста вырашаў мой лёс. Так што ў «Карнееў» не склаліся адносіны», — прызнаецца былы палітзняволены Ігар Карней.

Як не звар'яцець

Кніга «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» падзеленая на 4 «этапы»: «Ізаляцыя», «Камера», «Голас» і «Апора».

«Я дзялюся сваімі «турэмнымі ўніверсітэтамі»: як вынесці гэтыя выпрабаванні, як не звар'яцець у псіхічным сэнсе, як вытрымаць фізічна. Бо калі ты не бачыш сонца, неба, ты замураваны ў чатырох сценах без вакна, ты пастаянна мерзнеш, недаядаеш — гэта адбіваецца не толькі на фізічным стане, але і на псіхічным… Я сустракаў людзей, якія папросту вар'яцелі, седзячы ў такіх умовах. Не кожны можа сябе наладзіць маральна, не зважаць на знешнія ўмовы і спрабаваць сканцэнтравацца на ўнутраным сусвеце.

Магчыма, лягчэй пераносяць такія ўмовы шчырыя вернікі ці людзі з медытацыяй ці псіхалагічнымі практыкамі — яны проста пераключаюць мазгі», — кажа Ігар.

Урывак з кнігі: «Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт не ў болю, не ў кайданках, не ў крыках. Найбольш эфектыўны прэсінг — прымусіць вязня існаваць у свеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога. Слухаць уласнае дыханне, пакуль не пачнеш сумнявацца, ці вартае яно таго, каб працягваць. І вось у гэтым бетонным меху, дзе нават шоргат крокаў адгукаецца рэхам, раптам неймавернае: у шчыліну прабіраецца муха. Спачатку толькі раздражненне, інстынкт — адшпурнуць, знішчыць. Але рука замірае… І адчуваю амаль дзіцячую радасць: я не адзін!»

Карней узгадаў, як у магілёўскай турме № 4, калі чакаў апеляцыю пасля новага прысуду па 411‑м артыкуле, яму трапіла кніжка Джэка Лондана «Міжзоркавы вандроўнік» (The Star Rover) — пра прафесара, які асуджаны на пажыццёвае зняволенне і вандруе ў часе.

«Каб я ведаў пра гэты твор раней, магчыма, мне было б лягчэй. Гэта пра чалавека асуджанага, які яшчэ і ў «змірыльнай кашулі», ён ледзьве не паміраў фізічна, але адлятаў з цела і нібыта падарожнічаў па сусвеце. І сапраўды, калі атрымліваецца не займацца самаедствам, дыстанцыявацца ад гэтага здзеку, у цябе больш шанцаў, што ты застанешся са здаровай галавой», — кажа журналіст.

На думку былога палітвязня, у месцах, дзе ёсць пэўная сегрэгацыя, людзі з жоўтымі біркамі «экстрэмістаў» успрымаюцца як матэрыял для эксперыментаў. Не бярэцца пад увагу ні стан здароўя, ні ўзрост, ні прычына, з якой чалавек увогуле апынуўся за кратамі.

«Каб не падавалася, што гэта прыдумана, згенеравана маім хворым інтэлектам…»

Ідэя дапоўніць кнігу галасамі іншых «сядзельцаў» нарадзілася падчас працы над ёй. У «Голасе» — больш за два дзясяткі ўспамінаў былых палітвязняў: «Катавальня Лосіка», «Камуналка Чарняўскай», «Крыж Севярынца», «Гігіена Мажэйкі», «Казуркі Класкоўскай», «Выбар Семчанкі», «Страйк Луцкіной», «Ферма» Пархімчыка, «Феміда Лабковіча».

«Каб не падавалася, што гэта прыдумана, згенеравана маім хворым інтэлектам (не штучным, а хворым), каб кніга не выглядала суб'ектыўна, з'явілася ідэя далучыць уражанні некалькіх чалавек, якія прайшлі падобныя выпрабаванні», — кажа ён.

Ігар быў у першай партыі памілаваных і выдвараных з краіны ў чэрвені 2025 года. Толькі пачаў пісаць кнігу — у верасні была вызвалена другая партыя, дзе апынулася шмат ягоных калег і сяброў, з якімі ён перасякаўся на зонах у Шклове і ў Мазыры. Потым былі іншыя партыі, і ён дадаваў аповеды вызваленых ужо ў амаль гатовую кнігу.

«Былі іншыя формы здзеку: хатні арышт Юліі Чарняўскай альбо хімія з накіраваннем у айцішніка Віктара Пархімчыка. А гэта зусім не лёгка, калі з табой пастаянна знаходзяцца чужыя людзі, якія абжыліся да такой ступені, што нават у лядоўні Чарняўскай у ахоўнікаў была свая палічка. Спадарыня Юлія нават думала, што каб было здароўе, пайсці і адседзець. Айцішніка Віктара Пархімчыка, які адбываў хімію з накіраваннем, уладкавалі працаваць жывёлаводам на ферму, дзе ён павінен быў прымаць роды ў кароў. Гісторыі розныя, і хтосьці зайздросціць, што, маўляў, на хатняй хіміі ці хатнім арышце чалавек спіць ва ўласным ложку. Але аказалася, што не ўсё так проста», — кажа аўтар кнігі «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» Ігар Карней.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула