Прызначылі галоўнага трэнера зборнай Беларусі па хакеі
Сяргей Брылін стаў галоўным трэнерам зборнай Беларусі па хакеі. Такое рашэнне прыняў выканаўчы камітэт Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні 20 жніўня.
Сяргей Брылін
52‑гадовы расійскі спецыяліст будзе сумяшчаць працу ў беларускай зборнай з пасадай галоўнага трэнера мінскага «Дынама». Клуб ён узначаліў 17 ліпеня 2026 года, падпісаўшы кантракт на тры сезоны. Раней прадстаўнікі беларускага хакея адзначалі, што сумяшчэнне пасад галоўнага трэнера мінскага клуба КХЛ і нацыянальнай зборнай ужо давала станоўчы вынік.
Сяргей Брылін мае вялікі досвед працы ў амерыканскім хакеі. Ён правёў 27 гадоў у сістэме клуба НХЛ «Нью-Джэрсі Дэвілз» — спачатку як гулец, а пасля як трэнер. У якасці хакеіста Брылін правёў 13 сезонаў у НХЛ і тройчы выйграваў Кубак Стэнлі — у 1995, 2000 і 2003 гадах.
Пасля завяршэння гульнявой кар'еры ён працаваў у трэнерскім штабе «Нью-Джэрсі Дэвілз», быў кансультантам, асістэнтам у фарм-клубе і асноўнай камандзе. Апошнія чатыры гады Брылін уваходзіў у трэнерскі штаб галоўнай каманды «Дэвілз». У студзені 2024 года яго ўключылі ў Залу славы «Нью-Джэрсі Дэвілз».
Ёсць у Брыліна і досвед выступленняў за зборную Расіі. Ён стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету 2007 года, а таксама заваёўваў бронзу на маладзёжным чэмпіянаце свету 1994 года і юнацкім чэмпіянаце Еўропы 1992 года. У КХЛ у якасці гульца ён выступаў за СКА і новакузнецкі «Металург».
Чытайце таксама:
Хакейнаму мінскаму «Дынама» прызначылі новага трэнера
Стала вядома, колькі будуць каштаваць квіткі на матчы хакейнага «Дынама» на «Мінск-Арэне»
Беларускі хакеіст з НХЛ баіцца, каб яго не забралі ў армію
Беларусь і Расію адхілілі ад міжнароднага хакея і на наступны год