Жыхара Гомеля пазбавілі выплат за сына, які загінуў на фронце
59‑гадовы ўраджэнец Украіны Эдуард Гурэнка не ў свой час кінуў сям'ю. Цяпер былая жонка забрала ўсе грабавыя на Дзяніса сабе.
Эдуард Гурэнка. Фота: Ok.ru
Суд у Ніжнім Ноўгарадзе пазбавіў жыхара Беларусі Эдуарда Гурэнку права на дзяржаўныя выплаты за загінулага сына Дзяніса. У суд падавала Любоў Гурэнка — яго былая жонка і маці Дзяніса.
59‑гадовы Эдуард Гурэнка нарадзіўся ва Украіне, доўгі час пражыў у Расіі, але ўрэшце асеў у Гомелі. Займаецца бізнэсам, гадуе сабак.
Сям'ю ён кінуў ужо даўно, удзелу ў выхаванні сына не прымаў, аліменты не плаціў. У судзе высветлілася, што калі Дзяніс вырас, то яны часам перапісваліся ў сацсетках, а аднойчы сын прыязджаў да бацькі ў госці ў Гомель. Але сувязь прызналі не настолькі сур'ёзнай, каб плаціць за гэта дзясяткі тысяч грабавых.
А судзіліся Эдуард і Любоў за немалыя грошы — за смерць сына на вайне Расія заплаціла $123 тысячы.
35‑гадовы Дзяніс Гурэнка загінуў у верасні 2025 года.