Кітай створыць «Вялікую зялёную сцяну» з грыбоў. І іншую — з бамбуку
У пошуках ідэальнага сродку ў супрацьстаянні апустыньванню на поўначы краіны кітайскія даследчыкі робяць стаўку на бамбук. Новы падыход абяцае быць не толькі больш эфектыўным і танным, але і цалкам бяспечным для навакольнага асяроддзя.
Бамбукавы гай. Ілюстрацыйнае фота: Montian Noowong / Vecteezy
Дэградацыя ўрадлівых зямель на поўначы Кітая — выклік, з якім краіна змагаецца ўжо больш за паўстагоддзя. Празмерны выпас жывёлы, высяканне лясоў і глабальнае пацяпленне прывялі да таго, што велізарныя тэрыторыі пачалі ператварацца ў пустыню. Каб спыніць гэты працэс, яшчэ ў 1970‑х гадах была запушчана маштабная праграма «Тры поўначы», вядомая ва ўсім свеце як «Вялікая зялёная сцяна».
Дзесяцігоддзямі навукоўцы выкарыстоўвалі розныя спосабы ўтаймавання пяскоў. Як расказвае South Cina Morning Post, самым папулярным метадам былі саламяныя сеткі, якія ўкладваліся на дзюны. Аднак салома — матэрыял нетрывалы, яна згнівае за два-тры гады.
Пластыкавыя бар’еры, якія спрабавалі выкарыстоўваць пазней, хоць і былі трывалымі, стваралі экалагічную пагрозу, бо гэты штучны матэрыял патрабуе вельмі шмат часу для поўнага раскладання. Нават высадка некаторых відаў кустоў і дрэў аказалася праблемнай, бо пылок многіх з іх справакаваў усплёск алергічных захворванняў у мясцовых жыхароў.
Сучасныя патрабаванні да экалогіі і эканомікі прымусілі кітайскіх даследчыкаў шукаць больш эфектыўную альтэрнатыву. Выбар упаў на бамбук — адну з самых хуткарослых раслін на планеце. Кітай валодае велізарнымі рэсурсамі гэтай культуры, што робіць яе выкарыстанне танным і даступным.
Новая стратэгія, замацаваная ў дзяржаўным плане да 2030 года, прынятым у ліпені гэтага года, прадугледжвае замену пластыку і саломы на біяраскладальныя вырабы з бамбуку. Навукоўцы распрацавалі тэхналогію пляцення з яго трывалых квадратных канструкцый для фіксацыі рухомых пяскоў і высокіх вертыкальных бар’ераў. Акрамя таго, з бамбукавага валакна ствараюцца спецыяльныя ёмістасці для збору і ўтрымання дажджавой вады, што крытычна важна ў засушлівым клімаце.
Паводле ацэнак спецыялістаў, бамбукавыя бар’еры маюць шэраг бясспрэчных пераваг. У адрозненне ад саломы яны значна больш даўгавечныя і могуць выконваць сваю ахоўную функцыю ад 3 да 10 гадоў. У параўнанні з пластыкавымі бар'ерамі бамбукавыя з'яўляюцца аднаўляльнымі, біяраскладальнымі і ўстойлівымі ўздзеяння сонечнага святла.
Акрамя таго, прымяненне бамбуку забяспечвае істотную эканомію, дазваляючы знізіць агульныя выдаткі на барацьбу з апустыньваннем больш чым на 20%.
Новае рашэнне ўжо было пратэставана ў правінцыі Цынхай і аўтаномным раёне Унутраная Манголія. Даследчыкі лічаць, што бамбукавыя канструкцыі ў будучыні могуць замяніць як саламяныя, так і пластыкавыя бар'еры і могуць быць адаптаваныя пад розныя тыпы глебаў і кліматычныя ўмовы.
Выкарыстанне бамбуку — не адзінае рашэнне, якое разглядаюць кітайскія навукоўцы. Сярод іншых перспектыўных метадаў —вырошчванне ў пясчаных раёнах ядомых грыбоў. Гэта дапаможа не толькі стрымаць пустыню, але і ўзбагаціць збяднелую глебу арганічнымі рэчывамі.
Чытайце таксама:
Архітэктары заклікаюць падрыхтавацца да масавага будаўніцтва з бамбуку
Кітай плануе ператварыць спрэчныя астравы ў Паўднёва-Кітайскім моры ў рабатызаваныя крэпасці