«Які ты рускі?!» Беларус у Крыме збіў армяніна за тое, што ў таго доўгія валасы. І таму што падобны да гомасэксуала
Данііла Багданава вырашылі нават не саджаць — сітуацыя ж звычайная.
У акупаванай Ялце за хуліганства асудзілі беларуса Данііла Багданава. Суддзя абмежавалася ўмоўным тэрмінам.
Гісторыя адбылася ў снежні 2024‑га каля крамы «Фаварыт» у пасёлку Лівадыя пад Ялтай. Багданаў разам з двума знаёмымі — усе трое п'яныя — падышлі да прадаўца, маладога чалавека з доўгімі валасамі і барадой. Хлопец, як высветлілася падчас працэсу, — грамадзянін Расіі, але яго бацька — армянін.
Кампаніі гэта не спадабалася. Спачатку чапляліся да прычоскі — «зараз абрэжам», потым пачалі сумнявацца ў арыентацыі, а скончылі нацыянальным пытаннем: «Які ты рускі?!» — крычалі яму, дадаючы, паводле сведчанняў маці пацярпелага, і слова «чурка».
Слоўная перапалка перарасла ў бойку. Багданаў першым ударыў хлопца кулаком у твар, потым кінуў яго прыёмам на асфальт і разам з сябрам нанёс, як падлічыў суд, каля дваццаці ўдараў — кулакамі і нагамі па галаве і тулаве.
За пацярпелага заступіўся выпадковы прахожы, 68‑гадовы мужчына ў матацыклетным шлеме, кіраўнік народна-вакальнага ансамбля. Яго за гэта збілі таксама: сябар Багданава паваліў яго на зямлю і некалькі разоў ударыў нагой па галаве — шлем трэснуў, а самому пацярпеламу пасля бойкі пагоршыўся зрок і пачалася бессань.
Спыніла бойку толькі трывожная кнопка: прадавец выклікаў Расгвардыю, маці — паліцыю. Затрыманых, паводле сведак, агрэсараў давялося яшчэ і супакойваць — яны мацюкаліся на паліцыянтаў і прахожых, паказвалі сярэдні палец.
Усё здарэнне трапіла на камеру назірання магазіна. Багданаў пазнаў сябе на відэа, напісаў яўку з павіннай, цалкам прызнаў віну. Пазней ён папрасіў прабачэння ў збітага армяніна.
Суд кваліфікаваў дзеянні беларуса паводле часткі 2 артыкула 213 Крымінальнага кодэкса Расіі — «хуліганства, звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе парушэнне грамадскага парадку». Гэта цяжкае злачынства, якое прадугледжвае да пяці гадоў зняволення.
Аднак суддзя прызначыла Багданаву год і шэсць месяцаў умоўна, з такім жа выпрабавальным тэрмінам. З абавязкаў — раз на месяц адзначацца ў інспекцыі.