Дзяўчына моцна апяклася падчас адпачынку, але хуткая да яе не паехала. Чаму?
Падчас адпачынку на мінскай Цнянцы вадкасць для распальвання мангала выпадкова трапіла дзяўчыне на ногі і загарэлася. Яна атрымала апёкавую траўму. Сяброўка пацярпелай, а пазней і сама дзяўчына звярнуліся ў хуткую дапамогу. Але пасля размовы з дыспетчарам брыгада да яе не прыехала, таму дзяўчына мусіла самастойна дабірацца на таксі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ёй аказалі неабходную дапамогу. У выніку ў сітуацыі разбіралася медыцынскае начальства.
Фота: magnific.com
У Камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама паведамілі, што дзякуючы сістэме аўтаматычнага запісу званкоў удалося аднавіць храналогію падзей.
Першы званок паступіў 16 жніўня ў 18:39. Дыспетчарцы паведамілі, што на Цнянскім вадасховішчы дзяўчына атрымала апёк і ў яе моцна абгарэлі ногі. У адказ фельчарка параіла прыняць супрацьалергічны прэпарат і нанесці на скуру пантэнол.
Праз тры хвіліны паступіў паўторны званок. На пытанне, ці можа хуткая дапамога нешта зрабіць і чаму яна адмовілася ад прыезду, фельчарка адказала, што хуткая не выязджае на сонечныя апёкі. Пасля гэтага дзяўчына спытала, дзе знаходзіцца апёкавае аддзяленне. Дыспетчарка збіралася злучыць яе з аддзелам шпіталізацыі, але званок быў перарваны да злучэння.
Падчас праверкі супрацоўніца службы патлумачыла, што ўспрыняла зварот як просьбу аб дапамозе пры сонечным апёку. Пры гэтым заяўніца не ўдакладніла, што траўма была атрыманая ў выніку ўзгарання вадкасці для распальвання.
Аднак у службе хуткай дапамогі прызналі і памылку з боку спецыяліста: дыспетчарка не ўдакладніла абставіны атрымання апёку, што ў выніку прывяло да няправільнай ацэнкі сітуацыі.
Па выніках разбору інфармацыю пра выпадак давялі да ўсіх супрацоўнікаў, якія прымаюць выклікі. Акрамя таго, быў дапоўнены алгарытм апытання па прычыне звароту «апёк», каб у будучыні дыспетчары абавязкова ўдакладнялі, чым і пры якіх абставінах чалавек атрымаў траўму.
Чытайце таксама:
У Бабруйску мужчына ўтапіўся ў лужыне
«Ляжаў моцна пацярпелы чалавек». Падчас веламарафону на Палессі каля 10 чалавек атрымалі траўмы
У Барысаве мужчына напаў на фельчара хуткай дапамогі, які прыехаў яго ратаваць