БЕЛ Ł РУС

У Беларусі падымалі авіяцыю праз расійскія гібрыдныя дроны «Бандэроль». Заляцелі 12 беспілотнікаў

22.08.2026 / 10:01

Nashaniva.com

Адразу некалькі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў паведамілі, што раніцай 22 жніўня на тэрыторыю Беларусі заляцелі сама меней 12 расійскіх дронаў «Бандэроль», заўважыла «Свабода». Згодна з інфармацыяй украінскіх каналаў, з аэрадрома Баранавічаў падымалі вайсковы самалёт. У той жа час няма звестак пра тое, як расійскія беспілотнікі абясшкодзілі — збілі ці ўздзейнічалі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Аскепкі расійскага дрона, знойдзеныя ў Малдове, 17 жніўня 2026 года

У якіх кірунках рухаліся расійскія дроны

Паводле Telegram-каналв «Ринда моніторить», «Бандэролі» пачалі рухацца ў бок Беларусі з 4‑й раніцы. Інфармацыя пра першы дрон, што ляцеў у кірунку зліквідаванай пасля чарнобыльскай катастрофы вёскі Чыкалавічы Брагінскага раёну Гомельскай вобласці, з'явілася а 04:01.

А 04:04 — на вёску Уласы Баранавіцкага раёну Брэсцкай вобласці.

А 04:06 і 04.15 — дзве «Бандэролі» — на Нароўлю (Гомельская вобласць). Адна з іх адразу ўзяла курс на Мазыр.

Аб дроне на Петрыкаў (Гомельская вобласць) інфармацыя з'явілася а 04:24.

Дрон у кірунку аграгарадка Скрыгалаў (Брагінскі раён, Гомельская вобласць) «Бандэроль» зафіксавалі а 04:28.

А 04:28 — яшчэ адзін дрон на Петрыкаў, а 04:36 — на Радкаў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, а 04:41 — на Капаткевічы Петрыкаўскага раёна.

А 04:45 з'явілася інфармацыя аб «Бандэролі», што рухалася ў бок мястэчка Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Паводле ўкраінскага маніторынгу, менавіта там у паветра паднялі знішчальнік Су-30.

Праз дзве гадзіны пасля гэтага — а 06:22 з'явілася інфармацыя аб расійскім дроне ў раёне Ельска (Гомельская вобласць), а 06:30 — на Мазыр.

Яшчэ адзін украінскі маніторынгавы канал а 04:33 аб дроне ў раёне ракі Пціч паведаміў і а 04:40 — у Капаткевічах (імаверна, гэта той жа дрон, аб якім а 04:41 паведамляў першы канал).

Паводле каналу «ЄРадар», а 04:42 з аэрадрому ў Баранавічах у паветра падняўся яшчэ адзін вайсковы самалёт.

Што вядома пра расійскія дроны «Бандэроль»

Дроны «Бандэроль» — гібрыд малагабарытнай крылатай ракеты і рэактыўнага ўдарнага дрона. Ён мае хуткасць да 650 кіламетраў на гадзіну і здольнасць перагружаць супрацьпаветраную абарону.

Далёкасць палёту гэтага дрона складае 500 кіламетраў, ён можа несці да 50 кілаграмаў выбухоўкі.

У сілах супрацьпаветранай абароны Украіны неаднаразова заяўлялі, што галоўная небяспека «Бандэроляў» у тым, што іх праз рэактыўны рухавік і высокую хуткасць складана перахапіць мабільнымі групамі.

Для збіцця гэтага віду беспілотнікаў патрэбныя больш складаныя зенітныя комплексы.

Апроч таго, гэтыя ракеты-дроны маюць вялікую плошчу аскепкавага паражэння цэляў.

Вядома сама меней два выпадкі, калі «Бандэролі» заляталі на тэрыторыю Малдовы. У адным выпадку ён пацэліў у дрэва, але ад выбуховай хвалі тады моцна пацярпелі прыватныя будынкі аднаго з населеных пунктаў. Пасля гэтага выпадку Кішынёў адклікаў свайго пасла з Расіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула