Хацелі паставіць бацьку добры помнік. Заплацілі 6800 рублёў, але так і не дачакаліся
Мужчыны не стала ў сакавіку 2024 года. Прайшло 2,5 года, і толькі цяпер месца апошняга спачыну пачынае набываць годны выгляд. Першая спроба паставіць помнік і добраўпарадкаваць магілу скончылася стратай 6800 рублёў, беганінай за вытворцам помніка і перспектывай суда.
Адвакат, да якога звярнулася жанчына, лічыць, што сям'я выйграе справу, а вось вярнуць грошы наўрад ці ўдасца, піша Onliner.by.
«Год слухалі пра «два тыдні» і ўваходзілі ў становішча»
Бацька Надзеі памёр ад раку лёгкіх ва ўзросце 55 гадоў. Без роднага чалавека засталіся пажылая маці, жонка, двое дзяцей і 6‑гадовая ўнучка. Надзея ўспамінае, як сям'я хацела зрабіць усё, каб выказаць павагу нябожчыку — галаве сям'і — і захаваць памяць пра яго:
— Пасля смерці таты на рахунку заставалася каля 2000 даляраў. Мы вырашылі зрабіць для бацькі добры помнік і комплекс пад ключ. Звярнуліся ў кампанію, адзін з офісаў якой знаходзіўся ў Віцебску. 20 снежня 2024 года кіраўнік правёў кансультацыю, мы зрабілі макет комплексу, дыстанцыйна ўзгаднілі макет помніка.
Унеслі папярэднюю аплату 6800 рублёў (72% ад кошту ўсіх работ), падпісалі дамову.
Тэрмін выканання работ заканчваўся 30 мая 2025 года, працягвае Надзея. Увесь гэты час сям'я была на сувязі з вытворцам, разумеючы, што зімой работы на могілках праводзіць немагчыма. Бетон на месцы пахавання, паводле слоў дзяўчыны, залілі ў чэрвені 2025 года.
— Пасля гэтага пачаліся адгаворкі, перанос тэрмінаў работ (у вуснай форме). Большую частку часу тэлефанавалі мы яму, а не ён нам. Вытворца вельмі пераканаўча называў абставіны, з-за якіх не атрымлівалася выканаць работы.
— Мы людзі добрыя, усё разумелі і ўваходзілі ў становішча. На працягу года чулі адно і тое ж — «два тыдні». Ён дасылаў у месенджар камплект нашага комплексу, а таксама стэлу з фота як доказ таго, што ўсё гатова і засталося толькі паставіць.
Калі затрымка перавысіла год, у сям'і Надзеі вырашылі, што вытворца проста цягне час, і звярнуліся ў міліцыю з заявай. У ёй сілавікоў прасілі паспрыяць выкананню дамовы.
— Хацелася вырашыць пытанне мірна, мала што магло здарыцца ў чалавека. Гэта бізнэс. Але міліцыя правяла праверку, і аказалася, што мы не адзіныя такія пацярпелыя, нас як мінімум пяцёра. Міліцыя высветліла, што вытворца не з'яўляецца махляром — у яго былі намеры нешта зрабіць, ён пачынаў работы.
Тады я звярнулася да яго з просьбай вырашыць пытанне мірна, прапанавала, каб ён аддаў гатовы граніт і стэлу. Я была гатовая забраць выраб і заплаціць іншым людзям за ўстаноўку. Вытворца быў згодны, але зноў і зноў адцягваў час, абяцаючы праз тыдзень, праз тры дні, а потым і зусім перастаў выходзіць на сувязь.
Надзея звярнулася па кансультацыю да адваката. Паводле слоў жанчыны, юрыст мяркуе, што сям'я выйграе справу, але наўрад ці зможа вярнуць грошы, калі на рахунках вытворцы няма сродкаў. Потым яна накіравала вытворцу дасудовую прэтэнзію і рыхтуе пазоў у суд.
— Немагчыма перадаць мой боль і крыўду — прыязджаем усёй сям'ёй на могілкі і ўвесь гэты час глядзім на залітую пліту. Вельмі складана паверыць у смерць таты, не бачачы помніка яму. А на нашым горы нажываюцца, нахабна кормяць абяцаннямі і нават не спрабуюць дапамагчы.
Надзеі давялося звярнуцца да іншых вытворцаў помнікаў, яны ўжо паклалі на магіле граніт. Для правядзення работ сям'я была вымушаная ўзяць растэрміноўку.
— Фірма пайшла нам насустрач, нават была гатовая сама паехаць у Мінск і забраць граніт у гэтага чалавека. Цяпер мы ўсё робім, вядома, значна больш бюджэтна, бо ўсе грошы аддалі яму. А мы звычайныя людзі: я — настаўніца, мама — выхавальніца.
«Кампанія банкрут, але падаць на банкруцтва няма грошай»
Onliner звязаўся з выканаўцам, які заключаў дамову з Надзеяй. Мужчына адразу зразумеў, пра якога кліента ідзе гаворка, падкрэсліў, што першапачатковы этап работ усё ж выканаў (заліў падмурак і паставіў лаўку), і паведаміў, што з гэтай нагоды ўжо даваў тлумачэнні ў міліцыі.
— Кампанія не працуе больш за дзевяць месяцаў. Фактычна яна банкрут. Але падаць на банкруцтва я не магу па простай прычыне — няма грошай. Сёння я працую ў іншым месцы па найме, каб зарабіць хоць нейкія грошы і накіраваць іх на выкананне некалькіх заказаў, якія засталіся ў кампаніі. Гэта значыць, фінансавая сітуацыя складаная, — адзначыў суразмоўца.
Вытворца пералічыў усе праблемныя пытанні — як асабістыя, так і тыя, што тычацца кампаніі. Паводле яго слоў, рахункі ТАА арыштаваныя, абсталяванне і тэхніка распрададзеныя праз органы прымусовага выканання. Ёсць запазычанасць перад бюджэтам і контрагентамі.
— Гэтая кампанія выцягнула вельмі шмат грошай. Я браў крэдыты, укладваў у бізнэс. Цяпер усё завісла ў органах прымусовага выканання, я ўсё гэта выплачваю.
Сам мужчына, паводле яго слоў, знаходзіцца пад пільнай увагай аддзела прымусовага выканання.
— У мяне ўтрымліваюць 70% заробку. На тыя 30%, якія застаюцца, мне трэба ўтрымліваць дваіх дзяцей. За аднаго плачу аліменты, цяпер ужо і на другога падалі дакументы. Я страціў сям'ю, у мяне самога ніякай маёмасці няма. Цяпер я магу толькі зарабіць грошы і паспрабаваць выкупіць гэты камень, фатаграфіі якога я дасылаў заказчыцы. Помнік фактычна гатовы пад гэты заказ, людзі, у якіх я яго замовіў, кажуць: «Прывязі нам грошы — забірай камень».
У нас ёсць папярэдняя дамоўленасць з заказчыцай аб мірным урэгуляванні пытання. Але для гэтага мне трэба каля $2000. Медальён для яе ўжо гатовы, ляжыць у мяне ў гаражы, які арандуе новая кампанія. Магу аддаць у любы момант.
«Наўрад ці будзе шчаслівы фінал»
Журналісты звярнуліся па кансультацыю да юрыста. Эксперт не стаў абнадзейваць чытачку, але параіў, як у будучыні пазбягаць падобных сітуацый.
— На жаль, несумленныя прадпрымальнікі сустракаюцца ў тым ліку і ў сферы рытуальных паслуг. Канкрэтна ў сітуацыі, у якую трапіла гераіня нашай гісторыі, наўрад ці будзе шчаслівы фінал, паколькі ў дачыненні да гэтай фірмы ўжо заведзена 27 выканаўчых вытворчасцяў. Таксама рэгулярна ўзнікае запазычанасць перад бюджэтам па падатках і зборах.
Усё гэта сведчыць пра тое, што перспектыва спагнання грашовых сродкаў з гэтага прадпрыемства практычна нулявая.
Каб не трапіць у такую сітуацыю, неабходна старанна правяраць контрагента перад тым, як заключаць дамову, тым больш з перадаплатай. Прыгожая шыльда або гучная назва — не паказчык надзейнасці фірмы. Значна большую ролю адыгрывае тэрмін дзяржаўнай рэгістрацыі: чым даўжэй працуе фірма, тым вышэйшая верагоднасць, што ўзятыя на сябе абавязацельствы будуць выкананыя.