БЕЛ Ł РУС

Італьянскі горад забараніў ровары, пасля таго, як там збілі на ім мэра

23.08.2026 / 14:08

Nashaniva.com

Што праўда, у цэнтры Кома.

Фота: Getty Images

У італьянскім горадзе Кома, размешчаным на аднайменным возеры, неяк кіроўца электраровара збіў мэра. Пасля гэтага Алесандра Рапінезе назваў гэты від транспарту небяспечным «монстрам» і забараніў усе ровары ў цэнтры горада — пад падставай абароны грамадзян, піша Bild.

«Вядома, мой досвед паўплываў на мяне. Людзі дзейнічаюць зыходзячы са сваіх перажыванняў — і я на ўласным досведзе ведаю, што значыць быць збітым такім монстрам», — заявіў мэр.

Паколькі закон не адрознівае звычайныя ровары ад электраровараў, забарона распаўсюджваецца на абодва віды.

Цяпер праз цэнтр горада з роварамі давядзецца перамяшчацца, злезшы з іх.

У 2022 годзе Рапінезе таксама забараніў пракат электрасамакатаў. Мэр лічыць, што гэта было правільнае рашэнне. Аднак частка жыхароў з гэтым не згодная, асабліва з новай забаронай.

Напрыклад, Вінчэнца Фаланга, старшыня культурнага аб’яднання Nova Como, рэзка крытыкуе яго ў газеце La Stampa: «Адміністрацыя ператварае індывідуальныя праблемы ў калектыўныя».

Nova Como плануе пратэставы велапрабег у верасні — адразу пасля таго, як забарона ўступіць у сілу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула