БЕЛ Ł РУС

«Адзін з найгоршых». Эксперт ацаніў грыбны сезон

23.08.2026 / 14:28

Nashaniva.com

Лета падыходзіць да канца, і грыбны сезон-2026 ужо можна папярэдне ацаніць. Сваім меркаваннем са smartpress.by падзяліўся вядомы беларускі грыбнік і блогер Аляксандр Гарбацэвіч.

— Гэты грыбны сезон, калі не самы горшы, то дакладна адзін з найгоршых за апошнія 10 гадоў, — падкрэслівае Аляксандр.

— Каля 5 гадоў таму было вельмі сухое лета, і першыя грыбы пайшлі ў пачатку жніўня, а сёлета высакародных грыбоў толкам не з'явілася дагэтуль.

Я бываў у лесе практычна кожны дзень з пачатку чэрвеня. За ўвесь гэты час было літаральна пару «ўспышак», калі на невялікіх участках лесу можна было сабраць адзін-два кошыкі грыбоў, калі паспець знайсці іх першым.

Суразмоўца дадае: грыбны неўраджай пачаўся яшчэ вясной, калі ў лясах павінны былі вырасці смаржкі — адны з самых папулярных грыбоў у свеце.

— Паводле аналітыкі бабруйскай дасведчанай грыбніцы Марыі Нікітко, якая вывучае рэакцыю смаржкоў на надвор'е ўжо 18 гадоў, пасля марозных снежных зім гэтых грыбоў заўсёды вельмі шмат, — тлумачыць Аляксандр Гарбацэвіч.

— Сёлета ўмовы надвор'я былі менавіта такімі. Больш за тое, некалькі дзён тэмпература ўдзень падымалася да +15 градусаў, а ноччу апускалася да +5: такі тэмпературны рэжым падтрымліваюць кітайцы на сваіх смаржковых фермах. Зыходзячы з усяго гэтага, мы чакалі вялікага ўраджаю смаржкоў, а на справе іх практычна не было. Гэта быў найгоршы сезон за 18 гадоў. Тлумачэнняў таму, што адбылося, няма ні ў экспертаў «ціхага палявання», ні ў міколагаў.

Аляксандр перакананы: сёлетні сезон паказвае, што ў прыродзе існуюць нейкія змены, якія людзі пакуль не выявілі.

— Пра сітуацыю са смаржкамі я пытаўся ў НАН Беларусі, і навукоўцы выказалі здагадку, што для пошуку адказу трэба аналізаваць не зіму і вясну, а восень папярэдняга года, бо менавіта тады грыбы пачынаюць фармавацца, — кажа грыбнік.

Але наперадзе яшчэ ўся восень — магчыма, яна парадуе беларусаў багаццем дароў лесу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула