Турысты скралі намёт, бо не знайшлі начлег у Мінску
Хацелі потым вярнуць, але заведзена крымінальная справа.
28‑і і 30‑гадовы мужчыны прыехалі ў Мінск як турысты. Увечары яны выпілі ў бары, пасля чаго пайшлі ў хостэл, дзе не аказалася свабодных месцаў. Тады замежнікі вырашылі правесці ноч у адным з гарадскіх паркаў, пішуць Мінск-навіны.
Па дарозе яны праходзілі міма стаянкі на вуліцы Нававілінскай і пачалі цягнуць за ручкі прыпаркаваных аўтамабіляў. Дзверы Toyota былі незамкнутыя. Мужчыны праніклі ў салон і забралі заплечнік і мяшок з рэчамі.
Сярод скрадзенага былі адзенне, тэлефон, налобны ліхтарык, бесправадная калонка, палатка, спальнік, зарадныя прылады, ручнікі і іншыя рэчы. З дапамогай скрадзенага турыстычнага рыштунку замежнікі ўладкаваліся на начлег пад кустом за некалькі сотняў метраў ад стаянкі. Яны таксама скарысталіся знойдзеным у машыне паўэрбанкам.
Раніцай мужчыны сабралі рэчы і, як яны пазней сцвярджалі, вырашылі вярнуць іх назад. Аднак аўтамабіля на стаянцы ўжо не было.
Праз некалькі дзён турыстаў затрымалі на вуліцы Зыбіцкай. Адзін з іх, убачыўшы міліцыянераў, паспрабаваў збегчы.
Рэчы належалі мінчаніну, які збіраўся на мотафестываль і загадзя падрыхтаваў неабходны рыштунак, аднак забыўся замкнуць аўтамабіль. Шкода склала 1185 рублёў.
Абвінавачаныя цалкам прызналі віну і раскаяліся. Іх абвінавачваюць у крадзяжы, здзейсненым групай асоб. Па гэтым артыкуле прадугледжана да чатырох гадоў пазбаўлення волі. На час расследавання абодвух узялі пад варту.