БЕЛ Ł РУС

Беларускага наркамана арыштавалі ў Расіі. Каб не пасадзілі ў турму, давялося ахвяраваць на вайну

23.08.2026 / 18:30

Nashaniva.com

Каб атрымаць змякчальныя абставіны, Алег Пятрашка пераводзіў грошы ў Расійскі фонд дапамогі арміі. І дапамагло.

Гашыш. Фота: wikimedia.org

Ленінскі раённы суд Санкт-Пецярбурга вынес прысуд грамадзяніну Беларусі Алегу Пятрашку, якога затрымалі з наркотыкамі проста на вуліцы. Ён пазбегнуў рэальнага пакарання — сярод акалічнасцей, якія суд улічыў у яго карысць, аказаліся ахвяраванні «Расійскаму фонду дапамогі арміі» і ліст з удзячнасцю ад гэтай структуры.

Пятрашку затрымалі 15 красавіка 2025 года каля дома на вуліцы ў Пецярбургу — ён стаяў, аблакаціўшыся на будынак, калі да яго падышлі супрацоўнікі паліцыі і папрасілі дакументы. Мужчыну даставілі ў аддзяленне, дзе ён сам дастаў з правай кішэні джынсаў пакецік з рэчывам і патлумачыў, што гэта «гашыш», які ён набыў для ўласнага ўжывання.

Экспертыза паказала, што насамрэч гэта быў не гашыш, а сумесь з сінтэтычным наркотыкам MDMB(N)-2201 — вытворным ад метылавага эфіру, які ўваходзіць у расійскі спіс забароненых рэчываў. Маса рэчыва — 0,86 грама — па расійскім заканадаўстве кваліфікуецца як буйны памер, што адпавядае частцы 2 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса Расіі (незаконнае захоўванне наркотыкаў без мэты збыту).

На допыце Пятрашка расказаў, што ўпершыню паспрабаваў наркотыкі ў 2024 годзе праз «складаныя жыццёвыя абставіны» і заказваў іх праз тэлеграм-канал з закладкамі. У дзень затрымання ён купіў грам «гашышу».

Пасля таго як забраў закладку каля аднаго з дамоў, частку рэчыва ён ужыў адразу, а рэшту паклаў у кішэню — і адчуў сябе кепска, зразумеўшы, што набыў зусім не тое, на што разлічваў.

Пятрашка поўнасцю прызнаў віну, і менавіта гэта, а таксама шэраг іншых акалічнасцей, сталі падставай для незвычайна мяккага прысуду. Сярод змякчальных фактаў, якія пералічыў суд: малады ўзрост падсуднага, хранічная хвароба сэрца, намер ажаніцца з грамадзянкай Расіі, станоўчыя характарыстыкі ад сяброў і суседзяў у Беларусі, граматы за спартыўныя дасягненні — і ахвяраванні ў дабрачынныя фонды. Побач з фондам «Гуманітарнае дзеянне», які дапамагае наркаспажыўцам і займаецца прафілактыкай ВІЧ і гепатыту, і фондам «Алёша», суд асобна згадаў удзячны ліст ад «Расійскага фонду дапамогі арміі».

Спалучэнне гэтых акалічнасцей суд прызнаў выключным і прызначыў пакаранне ніжэй за мінімальны парог, устаноўлены санкцыяй артыкула (звычайна ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі). У выніку Пятрашку прысудзілі ўсяго сем месяцаў зняволення — тэрмін, які ён ужо цалкам адседзеў у СІЗА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула