Сям'я айцішніцы і дальнабойшчыка пераехала з дзецьмі з Мінска ў польскую вёску — як ім?
«Тут чыста, бяспечна (вельмі цешыць амаль поўная адсутнасць алкашоў і бяздомных), добрыя дарогі».
Тарнова-Падгурнэ. Фота: Google Maps
Пра плюсы і мінусы жыцця ў польскай вёсцы devby.io расказала былая мінчанка Лера (імя зменена) — спецыялістка-пачатковец па Frontend-распрацоўцы.
— Мы з мужам жылі ў Мінску з самага нараджэння. Рэлакаваліся ў Польшчу, у сельскую мясцовасць за 20 км ад Познані. Зрэшты, вёскай гэта назваць нельга, тут усё вельмі камфортна і цывільна, хоць «сапраўдная» вёска, дзе смярдзіць фермай, усяго за 10 хвілін пешшу. І навокал палі, палі, палі… Для кагосьці гэта начны кашмар, а нам вельмі падабаецца — ужо чацвёрты год, палёт нармальны.
Наша лакацыя — Тарнова-Падгурнэ. Гэта вёска (але я б яе назвала пасёлкам гарадскога тыпу) у Познаньскім павеце Велікапольскага ваяводства. Цэнтр адной з найбагацейшых гмін у Польшчы, якая хутка развіваецца.
Чаму?
Мы паехалі менавіта ў наваколлі Познані, бо муж тут быў раней па працы і зразумеў, што нам тут спадабаецца. Менавіта ў гэтае мястэчка мы трапілі выпадкова: знайшлі адпаведнае жыллё менавіта тут. Хацелі прыгарад, каб было менш людзей і машын, а больш прыроды. У выніку так і атрымалася, проста суперскае месца для сям'і з маленькімі дзецьмі.
Крытэрыі пры выбары месца, якія мы ўлічвалі, — у першую чаргу цана арэнды 3‑пакаёвага жылля, побач павінны былі быць школа і садок для дзяцей, адпаведная інфраструктура. У нас трое дзяцей, зараз ужо ўсе школьніцы.
Праца
Я працую ў ІТ. Муж быў дальнабойшчыкам, зараз спрабуе перайсці ў айцішку, але пакуль не атрымліваецца. Трэба зноў ісці грошы зарабляць, цяжка, калі толькі адзін у сям'і працуе. Ды і легалізавацца не атрымаецца, патрэбны высокі даход, бо ў нас вялікая сям'я.
Я працую аддалена, і невялікае Тарнова-Падгурнэ мяне задавальняе амаль цалкам. Раней было ўвогуле ідэальна. Але за тры гады ўжо ўсе наваколлі ўздоўж і ўпоперак вывучылі, хочацца чагосьці новага. Зараз трохі не хапае мерапрыемстваў, культурнай праграмы. Па ўсё цікавае трэба ехаць хвілін 30—40 на машыне.
Інфраструктура
Плюсы нашага мястэчка-вёскі: тут чыста, бяспечна (вельмі цешыць амаль поўная адсутнасць алкашоў і бяздомных), добрыя дарогі, пастаянна штосьці будуюць і адкрываюць новае для людзей. Велізарны плюс — блізкасць да прыроды. У Мінску пастаянна хацелася выехаць на Іслач, на Мінскае мора. А тут 10 хвілін на ровары — і ты на возеры або ў лесе. Ёсць нават гольф-поле. Класная сетка веладарожак, якая пачынаецца проста ад дома.
Кожны год праходзіць вельмі класны прабег Bieg Lwa (леў — сімвал Тарнова). Атмасфера крутая, увесь дзень праходзіць выстава з кучай забаў і бясплатнасцей для дзяцей ад мясцовых фірм. [Крама] Lidl раздае садавіну і гародніну. У гэтым годзе было безлімітнае бясплатнае марозіва ад дзвюх кампаній. Для дзяцей праводзяць Bieg Lwiątek [»Бег ільвянят»]. Кожны год вакол гэтых прабегаў ажыятаж, усе хочуць удзельнічаць.
У Тарнове дзве пачатковыя школы. Пабудавалі новы ліцэй з абсерваторыяй, садкі таксама ёсць. Калі малодшая была маленькая, нам удалося трапіць у дзяржаўны садок побач з домам. Плацілі каля 470 злотых на месяц (каля 130 даляраў. — НН). Зараз у цэнтры абнаўляюць дзіцячую пляцоўку і парк па класным сучасным праекце з фантанамі.
Будуецца шмат новага жылля, ёсць з чаго выбраць для куплі свайго. Праўда, цэны на жыллё тут усё ж даволі высокія.
Ёсць класны вялікі аквапарк Tarnowskie Termy. Ёсць тэхнікум. Ёсць вялікая Biedronka, Lidl, Dino, Delikatesy, Sklep Polski, Żabki. Ёсць некалькі кавярань, кандытарскія, аптэкі, шмат банкаў (PKO, Pekao, Erste).
У канцы верасня адкрыюць гандлёвы цэнтр з рознымі таннымі крамамі тыпу CCC, Pepco, Sinsay і г.д. Таксама здорава, мне не хапае тут нармальных вялікіх крам. Яшчэ засталася ў мяне звычка ўсё купляць у крамах, хоць пара б ужо прывыкаць да Allegro.
Яшчэ адзін вялікі плюс — блізкасць да многіх цікавых лакацый. Каля трох гадзін на машыне аддзяляюць нас ад Берліна, Уроцлава, мора і гор. Побач ёсць аэрапорт. Важныя трасы А2 і 92 прывабліваюць сюды шмат лагістыкі і бізнэсу, а за кошт падаткаў ад фірм багатая і сама гміна.
З мінусаў — далекавата ездзіць у Познань на грамадскім транспарце, да цэнтра выходзіць каля гадзіны з перасадкамі. Пакуль даедзеш, ужо нічога не хочацца, акрамя як паесці і паляжаць у ложку. А потым жа яшчэ назад столькі ж ехаць! На машыне, канешне, дабірацца прасцей.
У ФБ-пабліках чытала, што мясцовым палякам у Тарнаве не хапае трамвая ці электрычкі да Познані, рэстаранаў.
Медыцына
Пра ахову здароўя: тут ёсць паліклініка, куды мы звярталіся па тэрміновых пытаннях. З іншымі пытаннямі ездзім у Познань або суседняе мястэчка да стаматолага.
Інтэграцыя
Людзі тут вельмі добрыя, прыветлівыя. Многія нас ужо ведаюць, бо ведаюць нашых дзяцей праз школу або бегавы клуб. Яшчэ мы бегаем з палякамі ў мясцовым бегавым клубе, што вельмі крута дапамагае інтэгравацца ў грамадства.
З трыма дзецьмі для нас вельмі важная бяспека. Яны самі могуць хадзіць у школу і назад, гуляць на пляцоўцы каля дома, бо ўсюды куча знаёмых, мала машын, якія заўсёды саступаюць дарогу. Тут няма ліхачоў і дзіўных п'яных кампаній.
За чатыры гады ні разу нам ці дзецям не сказалі «спердаляць» (выметацца) адсюль. Наадварот, мы пазнаёміліся са шматлікімі класнымі сем'ямі. Дзеці застаюцца з начоўкай у сяброў-палякаў. Я думаю, што ў маленькім мястэчку значна прасцей з адаптацыяй і інтэграцыяй у мясцовае грамадства, чым у вялікім горадзе. І гэта крута.
Яшчэ адзін плюс: у маленькім горадзе не так шмат імігрантаў, у тым ліку ўкраінцаў, і таму няма класаў у школе, у якіх сабралі б у кучу адных замежнікаў. Максімум у класе 3—4 замежнікі, таму нашы дзеці хутка і спакойна інтэграваліся і вывучылі мову. Узровень адзнак па выпускных экзаменах пасля 8 класа ў мясцовых школах нават вышэйшы, чым у школах Познані. Зрэшты, самыя рэйтынгавыя ліцэі, вядома, у горадзе.
Тым не менш, беларусаў тут вельмі шмат, у кожным шматкватэрным доме ў нас ёсць па некалькі знаёмых сем'яў. Усе таксама з дзецьмі, некаторыя ўжо купілі сваё жыллё.
Легалізацыя
Відавочная перавага для мігрантаў — не самыя вялікія чэргі на ДНЖ. А падавацца можна не толькі ў Познані, але і ў Калішы ці ў Лешне, дзе яшчэ менш людзей.