«Якая ж дарэмная трата грошай». У Лідзе будуюць першы падземны пераход, які нікому не патрэбны
«А чаго вы яго дзе-небудзь у полі не пабудавалі?»
Скрын відэа
У Лідзе падчас рэканструкцыі аб'язной дарогі пабудуюць першы ў горадзе падземны пешаходны пераход. Улады падаюць яго як адну з галоўных навін праекта: пераход абсталююць ліфтам і прыстасуюць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Вось толькі самі лідчане не разумеюць, навошта дарагі аб'ект спатрэбіўся. Жыхары Ліды хочуць звычайны пераход, а не падземны.
Падземны пераход з'явіцца каля гіпермаркета і павароту на Бароўку. У «Гроднааўтадоры» абяцаюць, што ён будзе адпавядаць сучасным патрабаванням, а для маламабільных людзей прадугледзяць ліфт, піша BGmedia.
Менавіта даступнасць пераходу выклікала асобныя пытанні. «Пасадзіць бы гэтага інжынера ў вазок. І паглядзець, як ён ім скарыстаецца», — піша адзін з жыхароў.
Іншыя нагадваюць пра дачнікаў, якія ездзяць тут з веласіпедамі і цяпер будуць вымушаныя спускацца пад зямлю.
Яшчэ адно папулярнае пытанне — навошта тут увогуле патрэбны падземны пераход пры параўнальна невялікім патоку пешаходаў.
«А хто будзе хадзіць па гэтым пераходзе? Які там паток пешаходаў?», «А чаго вы яго яшчэ далей не пабудавалі, дзе-небудзь у полі?», «Якая ж дарэмная трата грошай», — абураюцца лідчане.
Некаторыя прапануюць значна прасцейшае рашэнне — звычайны рэгуляваны пераход з кнопкай.
Іншыя звяртаюць увагу, што вакол Ліды хапае дарог, якія патрабуюць рамонту, таму будаўніцтва першага ў горадзе падземнага пераходу менавіта тут лічаць дзіўным прыярытэтам.
Ёсць і яшчэ адна апаска — вада. Жыхары адразу ўспомнілі месцы ў Лідзе, якія рэгулярна затапляе пасля дажджоў. «Не забудзьцеся зрабіць ліўнёўку, каб не затапіла пераход», — іранізуюць у каментарах. Іншы карыстальнік адказвае: «Навошта ліўнёўка? Пераход плаўна пяройдзе ў басейн».
Сам падземны пераход — толькі частка вялікай рэканструкцыі аб'язной дарогі. У 2024 годзе тут ужо адкрылі абноўлены ўчастак даўжынёй 4,3 кіламетра, а ў красавіку 2026‑га дарожнікі ўзяліся за наступныя 3,8 кіламетра. Кошт цяперашняга этапу складае 42 млн рублёў, грошы выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту. Скончыць працы плануеца ў кастрычніку 2027 года.
Дарогу пашыраць да чатырох палос з раздзяляльнай паласой, зробяць асвятленне, пешаходныя і веласіпедныя дарожкі. Акрамя падземнага пераходу, праект прадугледжвае пяць рэгуляваных наземных. Улады разлічваюць, што абноўленая аб'язная павялічыць прапускную здольнасць і дазволіць увесці частку транзітнага транспарту з цэнтра Ліды.