БЕЛ Ł РУС

Былая ўдзельніца Pussy Riot расказала, што яе пад пагрозай зняволення завербавала ФСБ. З яе дапамогай хацелі забіць выдаўца «Медыязоны»

24.08.2026 / 14:01

Nashaniva.com

Былая ўдзельніца групы Pussy Riot Рыта Флорэс прызналася, што больш за тры гады была вымушаная супрацоўнічаць са спецслужбамі, піша Port. ФСБшнікі пагрозамі прымушалі яе збіраць інфармацыю на сучасных мастакоў і палітычных актывістаў. А Пятра Вярзілава з яе дапамогаю хацелі забіць.

Фота: Рыта Флорэс / X

Былая ўдзельніца Pussy Riot Рыта Флорэс расказала, што ў лютым 2023 года пасля ператрусу ў кватэры пад пагрозай забойства яе сям’і і крымінальнага пераследу яе завербавала ФСБ. З таго часу яна была агенткай спецслужбы пад псеўданімам «Харлей», а яе куратарам быў супрацоўнік па імені Іван.

Флорэс кажа, што падчас ператрусу супрацоўнікі ФСБ пагражалі ёй, у тым ліку за допісы пра забойствы ў Бучы. Ёй заявілі, што калі яна адмовіцца супрацоўнічаць, то можа «бясследна знікнуць». Пазней яе адвезлі ў сакрэтны офіс ФСБ, дзе прымусілі падпісаць дакументы аб супрацоўніцтве.

Спачатку Флорэс атрымала спіс сучасных мастакоў з Расіі і суседніх краін і павінна была збіраць на іх дасье: дзе яны жывуць, з кім сябруюць, якія маюць звычкі, праблемы, слабасці і асабістыя сувязі. Паводле яе, ФСБ асабліва цікавіла тое, што можна было б выкарыстаць для шантажу або завядзення крымінальнай справы.

Для сувязі ёй выдалі асобны Android-тэлефон з SIM-картай, аформленай на чужога чалавека. Пазней на яе ўласны тэлефон усталявалі праграму сачэння. Флорэс сцвярджае, што першы год сустракалася з куратарам амаль штодня, а пазней — радзей.

Адной з першых мішэняў стаў вулічны мастак Philippenzo — Філіп Козлоў, які цяпер жыве ў Вільні. ФСБ ужо мела яго ў распрацоўцы і праз Флорэс збірала інфармацыю пра яго. Яна распавядала куратарам нават такія дробязі, як дзе мастак есць локшыну і якое піва п’е.

Фота: Philippenzo / Instagram

Каб спыніць распрацоўку, Флорэс наўмысна пасварылася з ім. Пазней гэты прыём яна выкарыстоўвала і з іншымі людзьмі, якіх ад яе патрабавала распрацоўваць ФСБ.

Потым яна «працавала» з акцыяністам Паўлам Крысевічам, які адбыў каля трох з паловай гадоў за перформанс на Краснай плошчы. ФСБ цікавілася яго планамі, акцыямі і людзьмі, якія іх фінансуюць. Флорэс зноў паспрабавала спыніць распрацоўку праз канфлікт — яна нават пісала пра мастака гадасці яго жонцы. У выніку Крысевіч з'ехаў з Расіі.

Фота: Павел Крысевіч / Instagram

Самы шакавальны эпізод пачаўся летам 2025 года. Паводле Флорэс, ФСБ даручыла дапамагчы забіць Пятра Вярзілава, былога ўдзельніка Pussy Riot, выдаўца «Медыязоны» — выданне, якое лічыць забітых на вайне расіян. Флорэс раней была з ім у адносінах.

План, паводле яе слоў, выглядаў так: Флорэс павінна была выманіць Вярзілава ў Сербію, завесці яго ў пэўную кавярню, дзе яго ўжо чакалі б супрацоўнікі ФСБ і крымінальнікі. Пасля яе выхаду з кавярні Вярзілава планавалі скрасці і забіць.

Фота: Пётр Вярзілаў / Instagram

За ўдзел у гэтай аперацыі ёй абяцалі ад 1 да 3 мільёнаў расійскіх рублёў ( 12‑36 тысяч даляраў) і больш. Флорэс кажа, што менавіта пасля гэтага зразумела: далей заставацца ў гэтай гульні небяспечна не толькі для яе, але і для людзей вакол.

«Тут здарылася кропка невяртання. Калі раней я думала, што мне трэба дачакацца проста атрымання пашпарта, рознымі спосабамі яго выкрасці і з'ехаць, то тут я зразумела, што… яны шмат што могуць зрабіць», — распавяла Флорэс.

Паводле яе, куратары таксама «каля ста разоў» прасілі знайсці «хаця б частковае фота» дома Вярзілава ва Украіне, каб можна было ўсталяваць побач выбуховае прыстасаванне. Яна сцвярджае, што ФСБ ненавідзіць Вярзілава і шукае магчымасць яго забіць.

Каб пазбегнуць задання, Флорэс сказала куратарам, што пасля замужжа муж забараняе ёй сустракацца з іншымі мужчынамі. Паралельна яна звязалася з адвакатам Дзмітрыем Захватавым.

Захватаву яна распавяла пра вярбоўку летам 2025 года. Спачатку яны нават разглядалі варыянт зрабіць выгляд, што Флорэс пагадзілася на забойства Вярзілова, каб затым затрымаць супрацоўнікаў ФСБ у Сербіі. Але ад гэтага плана адмовіліся: ён быў занадта небяспечным для самой Флорэс.

У выніку каля дзесяці дзён таму Захватаву ўдалося вывезці яе з Расіі. Як менавіта — адвакат не раскрывае.

Флорэс сцвярджае, што за першыя месяцы супрацоўніцтва ёй толькі адзін раз заплацілі 30 тысяч рублёў (360 даляраў). Апошнія месяцы яна атрымлівала ўжо зарплату — 50 тысяч рублёў (600 даляраў) кожнага 15‑га чысла. Апошнюю выплату атрымала ў чэрвені.

Цяпер Флорэс вырашыла публічна расказаць пра ўсё, каб дапамагчы іншым людзям, якіх, паводле яе, ФСБ таксама магла завербаваць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула