БЕЛ Ł РУС

«Калі вы пазакрываеце я**льнікі»: злоўлены на допінгу амапавец з Гродна паказаў сваё высокакультурнае аблічча

25.08.2026 / 10:00

Баляслаў Ліманоўскі

У свой час Арцём Логіш быў чэмпіёнам па бегу. У 2020‑м ён, служачы ў АМАПе, сыграў ролю ахвяры таксіста-пратэстоўца. Цяпер жа засвяціўся ўжо ў сацыяльных сетках.

Арцём Логіш. Фота: СБ

Аўтар трэдсаў з нікам girikalex, вядомы тым, што пакідае іранічныя каментары пад допісамі прыхільнікаў Лукашэнкі, размясціў скрыншоты паведамленняў, якія атрымаў ад Арцёма Логіша ў адказ на свае выказванні.

Паведамленні Арцёма Логіша. Фота: girikalex/threads

Арцём Логіш напісаў гэта з уласнага акаўнта з чырвона-зялёным сцягам на аватарцы.

Girikalex пагартаў старонкі і выявіў, што бруднымі мацюкамі яму піша баец АМАПа — прычым былы спартовец.

Арцём Логіш родам з аграгарадка Цырын Карэліцкага раёна. Ён быў неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі, браў золата на Мінскім паўмарафоне і заваяваў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы па кросе 2018 года. У яго ёсць жонка і сын.

Праўда, спартовая кар'ера скончылася, калі Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва злавіла Логіша на ўжыванні забароненага мельдонію і вынесла вердыкт аб трохгадовай дыскваліфікацыі, да 2027 года.

Адначасова са спортам як мінімум з 2013 года Логіш служыў у АМАПе і ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у задушэнні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і дыктатуры. Логіш тады засвяціўся ў Гродне ў якасці асноўнага фігуранта рэзананснай палітычнай справы Аляксея Лапы.

Аляксей Лапа ў момант затрымання і пасля збіцця. Фота: hrodna.life

11 жніўня 2020 года ў Гродне, як і ва ўсёй краіне, праходзілі пратэсты. Позна ўвечары група сілавікоў у балаклавах без апазнавальных знакаў прыехала на разгон ланцуга салідарнасці побач з кінатэатрам «Кастрычнік». Людзі паспелі схавацца, але на паркоўцы сілавікі пабачылі аўтамабіль таксіста Аляксея Лапы, куды, як ім здалося, схаваўся нехта з удзельнікаў пратэстаў. Каб не даць яму паехаць, сілавікі пачалі біць па машыне дубінкамі.

Спалоханы кіроўца спрабаваў выехаць, каб уцячы, і пры гэтым зачапіў двух нападнікаў, пасля чаго іншая група амапаўцаў спыніла аўто, а кіроўцу і яго пасажыраў жорстка пабілі.

На Лапу завялі крымінальную справу за «гвалт над міліцыянтам», дзе Логіша прызналі пацярпелым праз тое, што аўто зачапіла яго, хоць і не нанесла шкоды. Нягледзячы на гэта, пракурор запрасіў для таксіста тры гады калоніі, але той да прысуду здолеў уцячы ў Літву і папрасіць палітычны прытулак.

І вось цяпер Арцём Логіш ізноў яскрава ўлез у палітыку, гэтым разам пагрозамі ў сацыяльных сетках.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула