У Варшаве мігранты правялі мітынг — патрабуюць хутчэй выдаваць дакументы. Некаторыя чакаюць дазвол на жыхарства па два гады
У Варшаве пад будынкам ваяводскай управы сабраліся больш за 200 мігрантаў з розных краін. Яны патрабуюць, каб польскія ўлады хутчэй разглядалі заявы.
Мітынг пад будынкам Мазавецкай ваяводскай управы. Фота: Наша Ніва
Арганізатарам мітынгу выступіў Уладзімір Мядзведзеў — беларускі айцішнік, які жыве ў Варшаве. Большасць удзельнікаў складалі беларусы і ўкраінцы, але да акцыі далучыліся мігранты і з іншых краін.
Уладзімір Мядзведзеў і актывісты з плакатам «Плацім падаткі, чакаем гадамі»
Сярод мітынгоўцаў быў Нго Ван Туонг, прадпрымальнік з В’етнама, які мае бізнэс у польскай сталіцы. Ён прыйшоў падтрымаць сваіх супрацоўнікаў, якія па два-тры гады чакаюць працоўны від на жыхарства. Па яго словах, мігранты не павінны баяцца размаўляць з урадам аб сваіх праблемах.
Варшаўскі прадпрымальнік з В’етнама Нго Ван Туонг
Беларусы, якія прыйшлі на мітынг, таксама расказваюць пра доўгае чаканне — ад паўгода да года і нават больш. Доўга беларусы чакаюць і польскі пашпарт.
«Мы хочам, каб нашы справы хутчэй разглядаліся ва ўжондах, бо гэта невыносна чакаць так доўга, без мажлівасці выезду, без таго, што нам дзяржава павінна ў абмен на нашы падаткі. Мне сказалі — мы па законе павінны разглядзець увесь пакет дакументаў за тры месяцы, але вось вам паперка, мы разгледзім іх за два гады — чакайце».
Да мітынгу далучыліся не толькі мігранты, але і польскія грамадзяне. Яны кажуць, што праблемы з дакументамі для мігрантаў — гэта таксама праблема самой Польшчы.
Палякі выйшлі на падтрымку мігрантаў. Надпіс на плакаце: «У прававой дзяржаве няма месца бюракратычнай абыякавасці».
«Ганьба, што такое адбываецца, таму і мы, палякі, мусім пратэставаць супраць гэтага, а не толькі бедныя людзі, якія вымушаныя чакаць», — падзяліўся адзін з грамадзянаў Польшы, які прыйшоў падтрымаць мітынгоўцаў.
Галоўная мэта мітынгоўцаў — прыцягнуць увагу да вялікіх тэрмінаў разгляду справаў, датычных працы і жыцця ў Польшчы. Месяц таму адзіночны пікет мігранта з Егіпта ўжо прыцягнуў увагу польскіх уладаў — пасля трох гадоў чакання, яго справу разгледзелі цягам двух тыдняў.