БЕЛ Ł РУС

Аперацыя на сэрцы нечакана вылечыла мужчыну ад раку, але выклікала алергію на пчол

25.08.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Пацыент з меланомай, якая ўжо распаўсюдзілася па арганізме, меў вельмі неспрыяльны прагноз. Аднак пасля складанай аперацыі на сэрцы пухліны нечакана зніклі без дадатковага лячэння. Больш за шэсць гадоў мужчына застаецца ў поўнай рэмісіі, але яго імунная сістэма, падобна, змянілася настолькі, што з’явілася небяспечная алергія на пчаліны яд.

Фота: edy purwanto / vecteezy

Калі ў чалавека выяўляюць меланому, звычайна гаворка ідзе пра цалкам зразумелы набор метадаў лячэння. Але ў адным незвычайным выпадку, пра які расказвае IFL Science, рак знік пасля працэдуры, якая наогул не была прызначана для барацьбы з ім.

У 65‑гадовага пацыента была меланома, якая распаўсюдзілася па арганізме. Паводле справаздачы аб клінічным выпадку, прагноз быў неспрыяльны: чакалася, што мужчына можа не пражыць і пяці гадоў.

На гэтым праблемы са здароўем не скончыліся. У яго выявілі цяжкі аартальны стэноз — звужэнне аартальнага клапана, якое перашкаджае нармальнаму выхаду крыві з левага жалудачка сэрца. Мужчыну спатрэбіліся замена аартальнага клапана і каранарнае шунтаванне.

Пасля аперацыі ўзнікла яшчэ адно ўскладненне — бактэрыяльная інфекцыя. Такім чынам, арганізм адначасова сутыкнуўся з анкалагічным захворваннем, сур’ёзнай паталогіяй сэрца і наступствамі складанага хірургічнага ўмяшання.

А потым адбылося тое, чаго медыкі не чакалі. Прыкладна праз два месяцы пасля аперацыі мужчыну зрабілі планавую дыягностыку, каб прасачыць за развіццём раку. І дактары нічога не знайшлі.

Меланома знікла без далейшага супрацьпухліннага лячэння. Больш за тое, паводле аўтараў апісання выпадку, пацыент застаецца ў поўнай рэмісіі больш за шэсць гадоў, знаходзячыся толькі пад медыцынскім наглядам.

Ці магла аперацыя «перазапусціць» імунітэт?

Наколькі б неверагодна ні гучала гэтая гісторыя, яна не зусім унікальная. У медыцынскай літаратуры апісаныя дзясяткі выпадкаў спантаннай рэгрэсіі меланомы пасля хірургічных умяшанняў. Часам гэтаму папярэднічала біяпсія або аперацыя, звязаная непасрэдна з пухлінай, а часам — умяшанне з іншай нагоды. Чаму гэта адбываецца, навукоўцы дакладна не ведаюць.

Адно з магчымых тлумачэнняў звязана з імуннай сістэмай. Хірургічная траўма запускае магутную рэакцыю арганізма, неабходную для барацьбы з інфекцыяй і аднаўлення пашкоджаных тканак. Тэарэтычна такая актывацыя пры пэўным збегу абставін можа ўзмацніць і супрацьпухлінны імунны адказ, у тым ліку дзейнасць Т-клетак.

Гэта, аднак, толькі гіпотэза. Адзін клінічны выпадак не азначае, што аперацыя на сэрцы можа выкарыстоўвацца як метад лячэння меланомы. Затое далейшая гісторыя пацыента дала даследчыкам яшчэ адну падказку, што з яго імунітэтам сапраўды адбыліся незвычайныя змены.

Разам з ракам знікла і пераноснасць пчалінага яду

Да аперацыі мужчына не меў алергіі на ўкусы пчол. Ён працаваў фермерам і за сваё жыццё быў уджалены шмат разоў без небяспечных наступстваў.

Аднак праз два гады пасля знікнення раку чарговы ўкус меданоснай пчалы выклікаў у яго анафілаксію — вострую алергічную рэакцыю, якая можа пагражаць жыццю.

Раптоўнае з'яўленне алергіі стала яшчэ адной прыкметай таго, што імунітэт мужчыны мог істотна перабудавацца. Прычым, мяркуючы па ўсім, гэтыя змены захаваліся надоўга.

Даследчыкі адзначаюць, што падобныя зрухі часам адбываюцца пасля моцнага ўздзеяння на арганізм — напрыклад, інфекцыі, вакцынацыі або сур'ёзнага хірургічнага ўмяшання. У рэдкіх выпадках яны могуць паўплываць і на здольнасць арганізма змагацца з пухлінай.

Ці звязаны такім чынам знікненне меланомы і новая алергія на пчаліны яд, дакладна невядома. Але абедзве падзеі могуць быць праявамі адной незвычайнай перабудовы імуннай сістэмы.

Чытайце таксама:

Гэты беларус даследуе рак — вось што ён кажа пра SPF ад меланомы, навуковы прагрэс і самы складаны ў лячэнні рак

Загадкавае адначасовае аблысенне ва ўсім індыйскім раёне. Прычыну дагэтуль шукаюць

У 19‑гадовай дзяўчыны грудзі павялічыліся з другога памеру да сёмага. Магчыма, прычынай стала прышчэпка ад каранавіруса

Каментары да артыкула