Памёр адзін з распрацоўшчыкаў расійскіх «Панцыраў»
Памёр Аляксандр Дзянісаў — былы генеральны дырэктар расійскага АТ «НВА «Высокадакладныя комплексы»», якое распрацоўвае сістэмы супрацьпаветранай абароны «Панцыр», паведаміла выданне РБК.
Аляксандр Дзянісаў
Аляксандр Дзянісаў узначальваў холдынг з моманту яго заснавання ў 2009 годзе да 2022 года. У прэс-службе арганізацыі адзначылі, што пры яго непасрэдным удзеле былі рэалізаваныя такія праекты, як зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр», пераносны зенітны ракетны комплекс «Вярба» і кіраваныя ракеты «Изделие 305».
Аляксандр Дзянісаў нарадзіўся 16 мая 1952 года ў вёсцы Страчава Бранскай вобласці. Ён служыў у войску, а ў пачатку 2000‑х гадоў працаваў першым намеснікам старшыні Камітэта вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі. У 2004—2007 гадах быў першым намеснікам дырэктара Федэральнай службы па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве. Таксама працаваў дарадцам генеральнага дырэктара «Растэха».
НВА «Высокадакладныя комплексы» ўваходзіць у склад расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Растэх» і спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці высокадакладных сістэм узбраення.
Чытайце таксама:
Памёр адыёзны славянафіл і камуніст Сяргей Касцян
Памёр знакаміты іспанскі «хлопчык-воўк», які вырас у дзікай прыродзе
Памёр найстарэйшы зняволены ў ЗША. Ён правёў у турме 75 гадоў