БЕЛ Ł РУС

Статкевіч: Зараз толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну

25.08.2026 / 07:53

Nashaniva.com

Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале павіншаваў беларусаў з 35‑годдзем незалежнасці і напісаў, што зараз самае галоўнае.

«25 жніўня 1991 года, пасля паразы путча ГКЧП у Маскве і пад ціскам шматтысячнага мітынгу каля Дома Ураду, Вярхоўны Савет БССР на сваёй надзвычайнай сесіі надаў сілу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай за год да гэтага.

Такім чынам, менавіта 25 жніўня 1991 года наша краіна стала незалежнай дзяржавай. І ніякія маніпуляцыі з гістарычнымі датамі не могуць адмяніць гэтага бясспрэчнага факту, не здольныя сцерці яго з нашай памяці.

Сёння спаўняецца роўна 35 год са дня галоўнай падзеі ў жыцці нашай дзяржавы. І хаця неўзабаве правіцелі краіны, каб захоўваць сваю ўладу над намі без правядзення неабходных цяжкіх рэформаў, сталі гандляваць незалежнасцю, беларусы ўжо зразумелі яе важнасць і неабходнасць. Асабліва зараз, калі толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-украінскую вайну.

Цяпер у краіне створана такая сітуацыя, што сабрацца разам, каб публічна заявіць пра падтрымку незалежнасці, каб паказаць маскоўскім імперскім рэваншыстам ды іх тутэйшаму кліенту сваю пазіцыю, каб годна адсвяткаваць Дзень нашай Незалежнасці, амаль немагчыма.

Але многія тысячы беларусаў па абодва бакі мяжы лічаць незалежнасць сваёй краіны найвышэйшай каштоўнасцю і гатовы абараняць яе са зброяй у руках.

Захаваем незалежную беларускую дзяржаву, каб Беларусь жыла! Са святам нас, беларусы!» — напісаў Мікалай Статкевіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула