БЕЛ Ł РУС

ЗША зноў не далучыліся да сумеснай заявы з асуджэннем Расіі ў ААН

25.08.2026 / 08:13

Nashaniva.com

Аўтары заявы назвалі поўнамаштабнае ўварванне Расіі парушэннем Статута ААН і заклікалі да спынення агню і аднаўлення перамоваў.

Фота: Getty Images

ЗША не ўвайшлі ў лік 50 дзяржаў, якія далучыліся да сумеснай заявы па Украіне, агучанай 24 жніўня ў ААН. Сярод тых, хто падпісаў заяву, — усе краіны ЕС, у тым ліку Венгрыя і Славакія, а таксама Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Японія, Паўднёвая Карэя і Украіна, паведамляе «Дождь».

Аўтары заявы назвалі поўнамаштабнае ўварванне Расіі парушэннем Статута ААН і заклікалі да спынення агню і аднаўлення перамоваў.

«Мы настойліва заклікаем Расію адгукнуцца на заклікі да поўнага, неадкладнага і безумоўнага спынення агню і аднавіць перамовы аб усёабдымным, справядлівым і трывалым міры ва Украіне», — гаворыцца ў звароце.

Удзельнікі заявы пацвердзілі падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, а таксама заклікалі забяспечыць адказнасць за злачынствы, учыненыя падчас вайны. Акрамя таго, яны выступілі за завяршэнне абменаў ваеннапалоннымі, вызваленне незаконна ўтрымліваных людзей і вяртанне прымусова перамешчаных і дэпартаваных украінцаў, у тым ліку дзяцей.

У звароце таксама гаворыцца пра парушэнні паветранай прасторы еўрапейскіх краін, атакі на судны і партовую інфраструктуру ў Чорным моры і наступствы вайны для сусветнай харчовай бяспекі. Заява была зроблена ў дзень 35‑годдзя незалежнасці Украіны.

ЗША таксама не далучаліся да сумесных заяваў дэлегацый дзяржаў пры ААН па Украіне, агучаных 24 лютага 2025 года, 24 лютага 2026 года і 26 мая 2026 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула