БЕЛ Ł РУС

Мінчанка спалохалася адказнасці за «дзяржздраду» і аддала махлярам на экспертызу 140 тысяч рублёў

25.08.2026 / 12:47

Nashaniva.com

Спачатку 47‑гадовай жанчыне ў месенджары патэлефанавалі нібыта з «Белпошты» наконт заказнога ліста. Пасля таго як яна назвала код, які прыйшоў у вайберы, слухаўку перадалі іншаму суразмоўцу — нібыта супрацоўніцы службы кібербяспекі, паведамляе «Міліцыя Мінска».

Яна паведаміла, што персанальныя даныя мінчанкі апынуліся ў зламыснікаў, якія ад яе імя пераводзяць грошы ў падтрымку ваенных дзеянняў. За гэта жанчыне нібыта пагражае крымінальная адказнасць за дзяржаўную здраду.

Далей аферысты пераканалі мінчанку напісаць распіску, пералічыць на камеру ўсе наяўныя дома грошы і перадаць іх на «экспертызу», каб гатоўку нібыта не канфіскавалі падчас ператрусу.

Жанчына адвезла грошы па ўказаных каардынатах і пакінула іх пад яблыняй у Мінскім раёне.

Але і на гэтым ашуканцы не спыніліся. Яны заявілі, што на імя мінчанкі афармляюцца крэдыты, і прапанавалі ёй самой узяць пазыкі, каб не даць зламыснікам атрымаць грошы.

Толькі ўвечары жанчына вырашыла праверыць інфармацыю ў інтэрнэце. Убачыўшы апісанне аналагічнай схемы, яна зразумела, што стала ахвярай махляроў, і звярнулася ў міліцыю.

Агульная сума шкоды склала амаль 140 тысяч рублёў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула