Wizz Air пачаў змагацца з падушкамі для шыі. Можаце развітвацца з вядомым лайфхакам
Папулярны лаўкост забараніў проста так праносіць на борт падушку для шыі — цяпер яе абавязкова трэба пакласці ў ручную паклажу. Схаваць у падушку палову рэчаў больш не атрымаецца.
Фота: Magnific.com / kues1
Ідэя хаваць у падушку для шыі рэчы, каб не даплачваць за чамадан, жыве ў сацсетках не першы год. Існуюць тысячы відэа, у якіх дасведчаныя вандроўнікі паказваюць, колькі ўсяго можна кампактна спакаваць у рэч, якую раней можна было спакойна праносіць на борт самалёта без даплаты.
Напрыклад, адна з тыктокерак змагла схаваць у падушку для шыі бялізну, шкарпэткі, кардыган, камбінезон, майку, сукенку і парэа. Атрымаўся даволі неблагі дадатак да стандартнага заплечніка, які можна браць у ручную паклажу без даплаты.
Нават вытворцы сарыентаваліся і пачалі вырабляць пустыя падушкі для пералётаў — каб не трэба было адтуль нічога выкідаць.
Але нядаўна лаўкост Wizz Air пачаў змагацца з такімі хітрыкамі. У жніўні на яго сайце асобным пунктам з’явілася інфармацыя аб тым, што падушка для шыі не з’яўляецца дадатковай бясплатнай рэччу. Калі пасажыр хоча ўзяць яе на борт, падушка мусіць быць схаваная ўнутры ручной паклажы.
Скрыншот сайта Wizz Air
Калі падушка для шыі не змяшчаецца ў дазволеную норму правозу, яна можа разглядацца як дадатковы прадмет і абкладацца адпаведнымі зборамі за негабарытны або звышнарматыўны багаж.
Чытайце таксама:
Кіраўнік Ryanair прарочыць хуткую смерць Wizz Air і Air Baltic