Былая жонка Паўла Харланчука прызналася, што ў яе ўнутры «ўсё яшчэ пустата»
Акцёрка Ганна Южакова, папаўшы ў шпіталь, апублікавала поўны болю пост.
Ганна Южакова. Фота: ganna.uzakova / Facebook
Ганна расказвае, што піша гэты пост з бальнічнай палаты: увечары скончыўся здымачны дзень, а ноччу яе забрала хуткая.
У яе цяжкая анемія — гемаглабін 78, яна пачала задыхацца.
«І ведаеце, што смешна? Я даўно павінна была апынуцца тут. Таму што апошнія шэсць гадоў я не дыхала. Я проста рабіла выгляд.
17 гадоў я была жонкай. Шчаслівай. Каханай. Маці пяцярых дзяцей. Гэта быў мой дом, мая сцэна, мая роля, якую я любіла ўсім сэрцам.
Мы рассталіся праз 17 гадоў.
І я пачала рабіць усё «правільна». Вывучылася на псіхолага. Здымаюся ў кіно. Іграю ролі. Радуюся дзецям. Займаюся спортам. П’ю капучына ў любімай кавярні. Ствараю новае жыццё.
Я рабіла ўсё, каб «выбраць сябе».
Але ўнутры — пустата.
Я не ведаю, як гэта растлумачыць. Гэта як быць актрысай ва ўласным фільме. Ты граеш шчасце, поспех, свабоду. А ўнутры — ні гуку. Нічога. Цішыня», — піша Ганна.
Яна кажа, што сама доўга не разумела, у чым справа.
«Думала: можа, я яшчэ не адпусціла мужа? Але не. Я не хачу яго назад.
Я сумую па ім? Не.
Я сумую па статусе «жонкі». Па той бяспецы, калі ты — частка кагосьці. Калі за табой ёсць сцяна. Калі ты не адна адказваеш за ўсё.
Я сумую па тым часе, калі мая кроў цякла дзеля кагосьці.
Цяпер яна спынілася. Гемаглабін 78 — гэта не проста лічбы. Гэта адмова маёй крыві жыць для сябе. Яна не бачыць сэнсу. Яна кажа: «Навошта цячы, калі цябе ніхто не чакае?»
Павел Харланчук і Ганна Южакова
Дактары кажуць: «Анемія, піце жалеза». Але жалеза не запоўніць гэтую пустату. Я магу прымаць прэпараты, магу есці мяса, магу дыхаць кіслародам. Але калі ўнутры няма жадання жыць — жалеза не дапаможа», — разважае яна.
Ганна піша, што менавіта ў бальніцы зразумела галоўнае.
«Я не баялася страціць мужа. Я баялася застацца сам-насам з сабой.
Я так баялася гэтай пустаты, што запоўніла яе справамі, ролямі, дзецьмі, спортам, вучобай. Але пустата не знікла. Яна проста схавалася пад прыгожай карцінкай «паспяховай жанчыны».
А цяпер маё цела сказала: «Годзе ўцякаць. Давай сустрэнемся з гэтай пустатой тварам да твару».
Я не ведаю, калі ў мяне падымецца гемаглабін.
Але я ведаю адно: я перастаю іграць. Я перастаю быць «актрысай свайго жыцця». Я хачу быць проста жывой.
Я хачу дазволіць сабе быць нікім. Не псіхолагам, не актрысай, не мамай, не былой жонкай. Проста жанчынай, якая хварэе, якая стамілася, якая мае права нічога не хацець.
Я дазваляю сабе гэтую пустату. Таму што толькі прайшоўшы праз яе, можна нарадзіцца нанова», — піша яна.
Ганна запэўнівае, што гэта не гісторыя пра развод. «Гэта гісторыя пра тое, як мы вучымся жыць без роляў. Як мы вяртаем сабе кроў, калі здаецца, што яе больш няма».
Апублікаваўшы такі шчыры пост, Ганна тлумачыць, чаму яна гэта зрабіла:
«Я ведаю, што тут ёсць тыя, каму важна гэта пачуць».
Павел Харланчук і Ганна Южакова на працягу амаль дваццаці гадоў былі адной з найбольш яркіх пар у беларускім тэатральным і кінематаграфічным асяроддзі. Харланчук — былая зорка Купалаўскага тэатра, які пакінуў тэатр на хвалі падзей 2020 года і быў вымушаны з'ехаць у Маскву, дзе ўладкаваўся ў Маскоўскі губернскі тэатр пад кіраўніцтвам Сяргея Бязрукава.
Акцёры гадавалі пяцёра дзяцей — трое сваіх і двое прыёмных.
Аднак у студзені 2023 года пара афіцыйна развялася, пра што Южакова публічна паведаміла праз некалькі месяцаў. Пазней экс-супругам давялося зноў іграць сям'ю на здымачнай пляцоўцы расійскага серыяла «Апантанасць».