БЕЛ Ł РУС

Унук савецкага шпіёна стаў кандыдатам у прэзідэнты Францыі

25.08.2026 / 14:58

Nashaniva.com

Ён мае намер узяць удзел у праймерыз і аб'яднаць левы электарат.

Фота: : Benjamin Girette/Bloomberg via Getty Images

Дэпутат Еўрапарламента і лідар левацэнтрысцкай партыі «Грамадская прастора» (Place publique) Рафаэль Глюксман абвясціў пра вылучэнне сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Францыі, піша The Moscow Times са спасылкай на The Telegraph.

Ён мае намер узяць удзел у праймерыз і аб'яднаць левы электарат.

Глюксман вядомы як паслядоўны прыхільнік Украіны і еўрапейскай інтэграцыі. Ён выступае за ўзмацненне еўрапейскай бяспекі, падтрымку Кіева і жорсткую лінію ў дачыненні да Расіі. Адначасова палітык прытрымліваецца левых поглядаў і прапаноўваў увесці для французскай моладзі абавязковую дзесяцімесячную грамадскую службу — напрыклад, дапамогу ў дамах састарэлых.

Гісторыя сям'і Глюксмана звязаная з савецкай разведкай. Яго дзед Рубін Глюксман нарадзіўся ў 1889 годзе ў габрэйскай сям'і ў Чарнаўцах, якія тады ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгрыі.

У 1920‑х гадах ён эміграваў у Палесціну, дзе захапіўся камунізмам і быў завербаваны Камінтэрнам — арганізацыяй, створанай бальшавікамі для распаўсюджвання камуністычнага руху.

Рубін Глюксман працаваў савецкім разведчыкам у Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі, дзе выдаваў сябе за бізнэсмена і страхавога агента. У 1940 годзе ён быў арыштаваны брытанскай контрразведкай MI5 пасля таго, як яго выкрыў савецкі перабежчык.

Глюксмана вырашылі выслаць у Канаду. Па дарозе карабель з ім быў тарпедаваны нямецкай падводнай лодкай, і ён загінуў.

На той момант яго сыну Андрэ было ўсяго тры гады, і праз яўрэйскае паходжанне Андрэ хаваўся ў Францыі пад выдуманым імем Жазэф Рыўер і перажыў вайну. Пазней Андрэ Глюксман стаў вядомым французскім філосафам. У маладосці ён прытрымліваўся марксісцкіх і мааісцкіх поглядаў, аднак у 1970‑х гадах парваў з імі і стаў крытыкам савецкага камунізму і кітайскай палітыкі.

Рафаэль Глюксман нарадзіўся ў Парыжы ў 1979 годзе. Да пачатку палітычнай кар'еры Глюксман працаваў журналістам і дакументалістам. У 2009—2013 гадах ён быў дарадцам прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Там ён займаўся палітычнай стратэгіяй і камунікацыямі. У 2024 годзе Глюксман узначальваў спіс левацэнтрысцкага альянсу на выбарах у Еўрапарламент у Францыі. Альянс атрымаў каля 14% галасоў, а Глюксман стаў адным з найбольш прыкметных прадстаўнікоў французскіх левых.

46‑гадовы Глюксман разлічвае стаць адзіным кандыдатам умераных левых і скласці канкурэнцыю як леваму Меланшону, так і правай Марын Лё Пэн.

«Калі я вылучаю сваю кандыдатуру, то толькі для таго, каб Францыя зноў набыла годнасць. Няўжо мы збіраемся аддаць краіну Марын Лё Пэн і крайне правым? Я мяркую, што большасць французаў не падтрымлівае амерыканізацыю французскага грамадства», — заявіў палітык. Галоўная палітычная задача Глюксманна — дамагчыся падтрымкі ўмераных левых, не ўступаючы ў саюз з Меланшонам.

Прэзідэнцкія выбары ў Францыі пройдуць вясной 2027 года. Паводле апытанняў, фаварыткай першага тура застаецца Марын Лё Пен.

У адным са сцэнарыяў The Times яна атрымлівае каля 36% галасоў, правацэнтрыст і былы прэм'ер Эдуар Філіп — 19%, Жан-Люк Меланшон — каля 15%, а Глюксман — прыкладна 10%. У выпадку выхаду Лё Пэн у другі тур яе апаненту спатрэбіцца заручыцца значнай падтрымкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула